На Варшаўскім форуме па бяспецы падчас круглага стала «Беларусь: поўнамаштабная мілітарызацыя» каманда BELPOL прадставіла новы даклад пра маштабы мілітарызацыі Беларусі і паглыбленне яе вайсковага супрацоўніцтва з Расіяй. Дыскусія прайшла ў партнёрстве з Германскім фондам Маршала (GMF) і сабрала каля 40 экспертаў у сферы міжнароднай і еўрапейскай бяспекі.
У мерапрыемстве ўзяла ўдзел Святлана Ціханоўская, якая падзякавала камандзе BELPOL за праведзеную працу і збор доказаў:
«Я хачу падзякаваць камандзе BELPOL за іх выключную працу. Яны сабралі каштоўныя доказы таго, як рэжым Лукашэнкі мілітарызуе Беларусь і падтрымлівае расійскую ваенную машыну».
Даклад ахоплівае чатыры асноўныя кірункі:
- Мілітарызацыя грамадства — уцягванне грамадзян, у тым ліку дзяцей і моладзі, у ваенна-патрыятычнае выхаванне, фармаванне мабілізацыйнага рэзерву і распаўсюджванне расійскай вайсковай прапаганды.
- Вайсковая інфраструктура і лагістыка — развіццё вайсковых аб’ектаў, прыстасаванне беларускай чыгуначнай сістэмы да вайсковых перавозак і выкарыстанне грамадзянскай інфраструктуры ў вайсковых мэтах.
- Мілітарызацыя эканомікі і навукі — пашырэнне абароннай вытворчасці, пастаўкі прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў расійскаму ваенна-прамысловаму комплексу і ўдзел навуковых устаноў у вайсковых распрацоўках.
- Заканадаўства і вайсковы суверэнітэт — змены ў прававой сістэме і паглыбленне вайскова-палітычнай інтэграцыі з Расіяй.
Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што сабраныя доказы павінны стаць асновай для канкрэтных дзеянняў міжнародных партнёраў, у тым ліку захавання санкцый супраць рэжыму і яго ваенна-прамысловага сектара, прадухілення абыходу абмежаванняў і прыцягнення вінаватых да адказнасці.
Даклад BELPOL даступны на рускай і англійскай мовах на сайце арганізацыі.
