11 кастрычніка беларуская лідарка ўзяла ўдзел у міжнароднай канферэнцыі Forum 2000, якая штогод збірае ў Празе палітыкаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці з розных краін. Сярод удзельнікаў сёлетняга форуму — лідарка дэмакратычных сілаў Венесуэлы, а таксама прадстаўнікі дэмакратычных рухаў Нікарагуа, Тыбету, М’янмы і Турцыі. У мерапрыемстве таксама ўдзельнічаў старшыня Сената Чэхіі Мілаш Выстрчыл.
Падчас выступу Святлана Ціханоўская гаварыла пра сілу салідарнасці, важнасць перамогі Украіны, падтрымкі палітвязняў і ўсіх, хто супрацьстаіць дыктатурам, а таксама пра неабходнасць адзінства дэмакратычнага свету перад агульнымі пагрозамі:
«Я ведаю, як цяжка захоўваць надзею, калі навокал столькі дрэнных навін. Але дыктатары хочуць, каб мы адчувалі сябе бяссільнымі. Давайце не будзем даваць ім такой радасці. Еўропа моцная дзякуючы сваім каштоўнасцям. Ніколі не адмаўляйцеся ад іх. І ніколі не недаацэньвайце ўласную сілу. Не верце Пуціну. Не верце Лукашэнку. І не бойцеся іх. Заставайцеся адзінымі. Заставайцеся ўпэўненымі. Не губляйце аптымізму. Бо найвялікшы падарунак, які мы можам зрабіць дыктатарам, — гэта наш страх. А самая вялікая пагроза для іх — наша мужнасць».
Forum 2000 заснавалі ў 1996 годзе прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел, японскі філантроп Ёхэй Сасакава і нобелеўскі лаўрэат Элі Візель. Ён працягвае спадчыну Гавела: падтрымлівае дэмакратыю, правы чалавека і грамадзянскую супольнасць, дае магчымасць абменьвацца досведам і дамаўляцца пра супрацоўніцтва. Сёлета форум адзначае 30-годдзе. У розныя гады ўдзельнікамі канферэнцыі былі Далай-лама, Біл Клінтан, Мадлен Олбрайт, Лех Валенса, Алесь Бяляцкі і Аляксандр Мілінкевіч.
