Урад Чэхіі ўхваліў змены, якія дазволяць блізкім сваякам беларусаў, што легальна жывуць у краіне, падавацца на кароткатэрміновыя візы. Гэта важны вынік паслядоўнай працы Святланы Ціханоўскай і дэмакратычных сіл Беларусі з чэшскімі партнёрамі, у тым ліку Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі на чале з Крысцінай Шыянок, беларускай дыяспары і нацыянальнай меншасці.
Пытанне змякчэння візавых абмежаванняў для беларускіх сем’яў неаднаразова ўздымалася на сустрэчах Святланы Ціханоўскай з чэшскімі ўладамі. У чэрвені падчас візіту міністра замежных спраў Чэхіі Пэтра Мацінкі ў Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе бакі асобна абмяркоўвалі магчымасць выдачы візаў сваякам беларусаў, якія жывуць у Чэхіі.
Што зменіцца?
Пасля ўступлення зменаў у сілу магчымасць падавацца на кароткатэрміновыя візы атрымаюць блізкія сваякі грамадзян Чэхіі і грамадзян Беларусі, якія легальна жывуць у Чэхіі на падставе ВНЖ або ПМЖ. Гаворка ідзе пра бацькоў, бабуль і дзядуль, дзяцей і ўнукаў.
Крысціна Шыянок, дырэктарка Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы:
«Гэта надзвычай важны крок і выразны сігнал даверу да беларускай дэмакратычнай супольнасці. Сотням сем’яў, раз’яднаных рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі, гэта вяртае надзею і магчымасць рэальна сустрэцца з блізкімі.
Гаворка пра бліжэйшых сваякоў: бабуль, дзядуль, бацькоў, дзяцей і ўнукаў. Мы будзем дадаткова высвятляць, ці распаўсюджваецца ўхваленая сёння пастанова таксама на сваякоў тых, хто мае ў Чэхіі міжнародную абарону.
Дзякуем чэшскаму міністру замежных спраў Пэтру Мацінку, чэшскаму ўраду і ўсім, хто спрычыніўся да гэтай важнай справы. Гэты вынік — плён супольнай працы дэмакратычных сіл Беларусі, у тым ліку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, беларускай дыяспары і нацменшасці ў Чэхіі, нашых чэшскіх сяброў і перадусім абранай лідаркі Святланы Ціханоўскай».
