ВІЗІТ У БРУСЕЛЬ
29 верасня Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Бруселі.
Падчас візіту яна выступіла з прамовай на другім EU Parliamentary Democracy Forum, арганізаваным прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Рабертай Метсолай пры падтрымцы віцэ-прэзідэнтаў Катарыны Барлі і Эстэбана Гансалеса Понса. У сваім выступе Святлана Ціханоўская гаварыла пра пагрозы для дэмакратыі, замежнае ўмяшанне і дэзынфармацыю, ролю грамадзянскай супольнасці, падтрымку Украіны і дэмакратычных сілаў Беларусі, а таксама пра неабходнасць захоўваць ціск на рэжымы Лукашэнкі і Пуціна і ўмацоўваць устойлівасць еўрапейскіх грамадстваў.
Акрамя гэтага, Святлана Ціханоўская выступіла з ключавой прамовай на канферэнцыі «The Road to Freedom in Europe (Poland, June 1976)», прысвечанай 50-годдзю чэрвеньскіх пратэстаў 1976 года ў Польшчы. У сваёй прамове Святлана Ціханоўская падзякавала польскім ветэранам супраціву і адзначыла, што іх барацьба за свабоду стала прыкладам для беларусаў. Яна распавяла, як польскі антыкамуністычны рух натхняў беларускіх актывістаў у 1980-я гады, а кантакты паміж Беларуссю і Польшчай дапамагалі перадаваць незалежныя выданні, інфармацыю і абсталяванне.
Падчас візіту беларуская лідарка правяла шэраг важных сустрэч:
– з прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Рабертай Метсолай. Бакі абмеркавалі падтрымку беларускага дэмакратычнага руху і ўмацаванне супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытутамі. На снежань запланавана канферэнцыя высокага ўзроўню ў Еўрапарламенце. Пад апякунствам Святланы Ціханоўскай і Раберты Метсолы абмяркоўваецца запуск праграмы стажыровак для беларусаў.
– з сустаршынёй Парламенцкай асамблеі Еўранэст Сяргеем Лагадзінскім. Адна з галоўных тэм сустрэчы — удзел прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі ў працы Еўранэсту.
– са спікеркай парламента Ірландыі Веронай Мэрфі. Бакі абмеркавалі падтрымку Беларусі і тое, як зрабіць супрацоўніцтва паміж беларускімі і ірландскімі парламентарыямі яшчэ больш практычным.
ВІЗІТ У ІСПАНІЮ
1–3 кастрычніка Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Foro La Toja — форуме для палітычных лідараў, бізнесу, дыпламатаў і інтэлектуалаў. Тэма форуму — «Свет у бязладдзі», дзе абмяркоўваюцца крызіс міжнароднага парадку, рост аўтарытарызму, развіццё штучнага інтэлекту і бяспека Еўропы.
Гэта рэдкая пляцоўка, дзе сустракаюцца кіраўнікі дзяржаваў, топ-палітыкі і сусветныя эксперты, сярод якіх сёлета: кароль Іспаніі Філіп VI, прэм’ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс, экс-высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах Жазэп Барэль, былыя прэзідэнты і прэм’еры Іспаніі і Партугаліі, прадстаўнікі OpenAI, Palantir, Harvard, Cambridge, Telefónica і Politico.
3 кастрычніка Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у дыялогу «Беларусь: ціхі супраціў». Разам з былым Высокім прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпам Барэлем яны абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, дэмакратычны рух і супраціў беларусаў рэжыму.
НАВІНЫ БЕЛАРУСКАГА ПАШПАРТНАГА ЦЭНТРУ
Беларускі пашпартны цэнтр апублікаваў кароткую справаздачу аб працы за бягучы год. Сярод асноўных навін:
— Дзейнасць «Беларускага пашпартнага цэнтра» перанесеная з Літвы. Праведзены аўдыт, рэфармаваная структура цэнтра і аптымізаваныя некрытычныя выдаткі.
— Наладжаны працэс прыёму, апрацоўкі і праверкі заявак праз афіцыйны сайт.
— Станам на верасень 2026 было выдадзена 600 дакументаў. Больш за 60 заявак у апрацоўцы.
— Праведзены аўдыт бяспекі пашпартнага праекта. Уцечак даных і непасрэдных пагрозаў не выяўлена.
— Арганізаваныя мабільныя пункты збору біяметрычных даных у Польшчы, Украіне, Літве і ЗША.
СУСТРЭЧА З ДЭЛЕГАЦЫЯЙ КАНГРЭСА ДЭПУТАТАЎ ІСПАНІІ
1 кастрычніка дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з дэлегацыяй Камітэта па міжнародных справах Кангрэса дэпутатаў Іспаніі. У сустрэчы ўзялі ўдзел старшыня Камітэта Хуан Карлас Руіс Боікс (PSOE) і члены Камітэта ад партый — Сесар Санчэс Перэс (Народная партыя), Чэма Гіхара Гарсія (Podemos), Дыега Тайба Манелас (PSOE).
Ключавыя тэмы сустрэчы:
— Парламенцкае супрацоўніцтва. Кучынскі прапанаваў развіваць прамыя сувязі з іспанскім парламентам і стварыць у Кангрэсе дэпутатаў групу сяброў дэмакратычнай Беларусі.
— Легалізацыя беларусаў у Іспаніі. Кучынскі звярнуў увагу на праблему атрымання трэвэл дакументаў для беларусаў, якія не могуць бяспечна вярнуцца ў краіну.
— Патранаж над палітвязнямі. Іспанскіх парламентарыяў заклікалі браць патранаж над беларускімі палітычнымі вязнямі, пісаць ім, публічна ўздымаць іх справы і падтрымліваць сем’і рэпрэсаваных.
ЦЫРЫМОНІЯ ЎРУЧЭННЯ ПРЭМІІ ЛЕХА ВАЛЕНСЫ
1 кастрычніка Святлана Ціханоўская па запрашэнні міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага ўзяла ўдзел у цырымоніі ўручэння Прэміі Леха Валенсы.
Сёлета ўзнагароды была ўдастоеная грузінская журналістка Мзія Амоглабелі. Святлана Ціханоўская павіншавала лаўрэатку: «Шчыра віншую Мзію Амоглабелі з гэтым заслужаным прызнаннем. У часы, калі свабоднае слова становіцца галоўнай зброяй у барацьбе за дэмакратыю, праца незалежных журналістаў патрабуе вялікай мужнасці. Гэтая ўзнагарода — важны знак салідарнасці з усімі, хто змагаецца за праўду».
ТЫДЗЕНЬ СУПРАЦЬ СМЯРОТНАГА ПАКАРАННЯ
З 5 па 10 кастрычніка праваабарончы цэнтр «Вясна» праводзіць Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Святлана Ціханоўская:
«Чалавечае жыццё — найвышэйшая каштоўнасць. Смяротнаму пакаранню няма і не можа быць месца ў прававой і дэмакратычнай дзяржаве.
Я ўдзячная праваабаронцам «Вясны», якія шмат гадоў паслядоўна змагаюцца за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі і не дазваляюць гэтай тэме знікнуць з грамадскай увагі».
МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ПАЖЫЛЫХ ЛЮДЗЕЙ
1 кастрычніка святкуецца Міжнародны дзень пажылых людзей. З гэтай нагоды Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў:
«Пенсія не павінна азначаць, што жыццё спыняецца. Для гэтага патрэбная сістэма, якая актыўна клапоціцца пра пажылых людзей, слухае іх патрэбы і стварае ўмовы для паўнавартаснага жыцця.
Годная старасць — не прывілей. Гэта тое, што заслугоўвае кожны чалавек».
ДЗЕНЬ НАСТАЎНІКА
4 кастрычніка ў Беларусі святкуецца дзень настаўніка. З гэтай нагоды Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў:
«Праца настаўнікаў — гэта не толькі пра ўрокі і школьныя веды. Гэта пра тое, што дзіця вынесе з школы з сабой у жыццё: ці будзе яно верыць у сябе, ці будзе ўмець думаць самастойна, ці будзе заўважаць іншых і не баяцца заставацца сабой.
Будучыня краіны пачынаецца з дзяцей. Сёння вы дапамагаеце ім расці, а заўтра яны будуць ствараць Беларусь, у якой жыць нам усім».
МЕДЫЯ
Euronews (Міжнароднае), Euronews (Міжнароднае), New Union Post (Міжнароднае), EFE (Іспанія), The Atlantic (ЗША), Notícias ao Minuto (Партугалія), Diario de Santiago (Іспанія), Agenda Publica (Іспанія), La Razon (Іспанія), The Parliament Magazine (Міжнароднае), PAP (Польшча).
