На палях Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку Святлана Ціханоўская сустрэлася з новым прэм’ер-міністрам Славеніі Янезам Яншам. Янша вярнуўся на пасаду кіраўніка ўрада ў чэрвені 2026 года — гэта яго чацвёрты тэрмін на пасадзе прэм’ера.
Ціханоўская і Янша ўжо сустракаліся ў 2021 годзе, калі ён таксама ўзначальваў урад Славеніі. Першая сустрэча адбылася ў траўні ў Любляне, пазней яны сустракаліся падчас міжнародных мерапрыемстваў. У 2021 годзе, у тым ліку падчас старшынства Славеніі ў Радзе ЕС, Янша публічна выступаў у падтрымку палітвязняў і ахвяраў рэпрэсій у Беларусі.
Падчас цяперашняй сустрэчы бакі абмеркавалі бяспекавую сітуацыю ў Беларусі і рэгіёне, залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад Расіі і мілітарызацыю Беларусі. Ціханоўская прапанавала арганізаваць асобны брыфінг з удзелам BELPOL пра расійскую і беларускую вайсковую інфраструктуру і іншыя актуальныя пагрозы.
Асобнай тэмай стала вызваленне і падтрымка палітвязняў. Ціханоўская распавяла пра міжнародныя намаганні па іх вызваленні і неабходнасць загадзя рыхтаваць дапамогу людзям, якія выходзяць з турмаў. Яна прапанавала Славеніі разгледзець магчымасць новага ўнёску ў Міжнародны гуманітарны фонд для ахвяраў рэпрэсій у Беларусі, а таксама арганізацыі ў Славеніі праграм рэабілітацыі для былых палітвязняў і іх сем’яў.
Таксама абмеркавалі падтрымку беларускай дыяспары, незалежных медыя і рэпрэсаваных, магчымасць стварэння групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў славенскім парламенце і прызначэння спецыяльнага прадстаўніка па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Ціханоўская падзякавала Яншу за падтрымку беларусаў у 2021 годзе і Славеніі — за паслядоўную падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, дэмакратычных сілаў і незалежных медыя. Славенія працягвала публічна выступаць за такую падтрымку і ў наступныя гады.
«Янез Янша сам ведае, што такое палітычны пераслед і турма. Для беларусаў вельмі важна мець сяброў, якія разумеюць гэта не толькі як палітычную праблему, але і як асабісты чалавечы досвед. Я ўдзячная Славеніі за падтрымку і спадзяюся, што мы зможам пашырыць яе — асабліва для палітвязняў, вызваленых і іх сем’яў», — адзначыла Святлана Ціханоўская.
