На палях Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку Святлана Ціханоўская сустрэлася з сенатаркай Джын Шахін, сустаршынёй і сузаснавальніцай двухпартыйнага Free Belarus Caucus у Сенаце ЗША і адной з найбольш актыўных амерыканскіх заканадаўцаў па беларускім пытанні. Кокус быў створаны ў 2021 годзе.
Абмеркавалі будучыню амерыканскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, працу беларускага кокусу і захаванне двухпартыйнай падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў у Кангрэсе.
Ціханоўская вітала гуманітарныя намаганні ЗША і Джона Коўла, якія спрыялі вызваленню палітвязняў. Пры гэтым яна падкрэсліла, што наступнай мэтай павінны стаць поўнае спыненне рэпрэсій, палітычная амністыя і магчымасць для беларусаў бяспечна вярнуцца дадому.
Асобна абмеркавалі санкцыйную палітыку ЗША, а таксама новыя санкцыйныя ініцыятывы супраць Расіі і тых, хто дапамагае ёй весці вайну супраць Украіны.
Ціханоўская падзякавала сенатарцы за шматгадовую падтрымку Беларусі. Шахін была адной з заснавальніц Free Belarus Caucus, паслядоўна выступала ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў, заклікала да вызвалення палітвязняў і была суаўтаркай двухпартыйных заканадаўчых ініцыятыў па Беларусі.
У знак удзячнасці за шматгадовую працу Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла Джын Шахін медалём Аб’яднанага пераходнага кабінета «За плённую працу».
