9 жніўня ў Варшаве напярэдадні другога дня Канферэнцыі «Новая Беларусь» адбыўся Жаночы сняданак са Святланай Ціханоўскай. Нефармальная сустрэча аб’яднала больш за беларускіх жанчын і міжнародных партнёрак, стварыўшы прастору для ўмацавання супольнасці, салідарнасці і абмену досведам.
Мерапрыемства сабрала больш за 50 ўдзельніц з розным кантэкстам і ролямі: прадстаўніц беларускіх арганізацый і ініцыятыў, выпускніц Акадэміі жаночага палітычнага лідарства, спікерак і мадэратарак Канферэнцыі, былых палітзняволеных, а таксама замежных дыпламатак і партнёрак.
У сваім прывітальным слове Святлана Ціханоўская падкрэсліла важнасць падтрымкі, супольнасці і сапраўднай жаночай салідарнасці:
«Я гляджу на вас і думаю, колькі розных гісторый вы з сабой нясеце. У кожнай свае прычыны быць сёння тут: хтосьці займаецца палітыкай, хтосьці дапамагае людзям, хтосьці стварае беларускія праекты, хтосьці нядаўна пачаў усё спачатку… Галоўнае — сёння за гэтым сталом не трэба нічога даказваць адна адной».
Асобны акцэнт у прамове быў зроблены на падтрымцы палітзняволеных жанчын. Ціханоўская згадала імёны Людмілы Чэкінай, Вольгі Маёравай, Вольгі Брыцікавай ды іншых жанчын, якія застаюцца за кратамі:
«Мне хочацца, каб, калі мы гаворым пра беларускіх жанчын і іх удзел у будучыні краіны, мы заўсёды пакідалі месца за сталом і для іх. Каб іх імёны не губляліся за колькасцю прысудаў і тэрмінаў».
