У Офісе Святланы Ціханоўскай адбылася сустрэча дырэктара віленскага офіса Дзяніса Кучынскага з кіраўніцай Дэпартамента міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літоўскай Рэспублікі Індрэ Гаспарэ.
Бакі абмеркавалі бягучую міграцыйную сітуацыю, узмацненне гуманітарнай падтрымкі беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсій, а таксама практычныя крокі па спрашчэнні адміністрацыйных працэдур і інтэграцыі беларускай супольнасці ў Літве.
Дырэктар віленскага офіса і дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі праінфармаваў кіраўніцу Дэпартамента міграцыі пра рэпрэсіі, якія працягваюцца ўнутры Беларусі, у тым ліку пра апошні ціск на Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ), яго студэнтаў, выпускнікоў і абітурыентаў. Ён выказаў глыбокую ўдзячнасць Літве за нязменную салідарнасць і паслядоўную міграцыйную палітыку, якая дазваляе тысячам беларусаў знаходзіць бяспеку і легальны статус.
Падчас сустрэчы Індрэ Гаспарэ падзялілася актуальнай статыстыкай Дэпартамента міграцыі. Па стане на ліпень 2026 года ў Літоўскай Рэспубліцы пражывае 48 613 беларусаў з дзеючым дазволам на жыхарства (ДНЖ):
- у тым ліку 33 880 — па працы, 4 650 — па аб’яднанні сям’і, 1 212 — па гуманітарных падставах і 884 — па навучанні;
- 4 203 чалавекі маюць пастаянны ДНЖ;
- 123 чалавекі валодаюць часовай картай рэзідэнта ЕС, 79 — пастаяннай.
Беларусы працягваюць утрымліваць лідарства па прыцягненні высокакваліфікаваных спецыялістаў (Blue Card) у Літве. З 4 787 выдадзеных Blue Card у Літве больш за 50% — 2 750 карт — атрымалі грамадзяне Беларусі (для параўнання: грамадзяне Расіі — 600, Украіны — 362).
Асаблівую ўвагу бакі надалі механізмам легалізацыі для беларусаў, вымушаных пакінуць краіну па палітычных матывах, а таксама вызваленых палітвязняў.
Падчас сустрэчы таксама пацвердзілі магчымасць пацвярджаць у Літве дакументы аб грамадзянскім стане без апастылю ў Беларусі для асобаў з гуманітарным дазволам на жыхарства. Гэты механізм дазваляе людзям, якія рызыкуюць падвергнуцца рэпрэсіям у Беларусі, вырашаць важныя пытанні, у тым ліку звязаныя з рэгістрацыяй шлюбу, нараджэння і ўзаемадзеяннем з банкамі і дзяржаўнымі службамі.
❗️Калі ў вас гуманітарны кейс і вы маеце праблемы з пацверджаннем дакументаў, напішыце, калі ласка, юрыдычнай камандзе Офіса: legal@tsikhanouskaya.org
Дзяніс Кучынскі таксама перадаў Індрэ Гаспарэ, якая таксама з’яўляецца сяброўкай рады Regitra, прапановы беларускай супольнасці па адаптацыі асобных працэдураў, што датычыцца пасведчанняў кіроўцы. Сярод іх:
– разгляд магчымасці здачы тэарэтычнага экзамену на беларускай мове;
– разгляд магчымых шляхоў спрашчэння працэдуры абмену пасведчанняў для беларускіх грамадзянаў з улікам досведу іншых краінаў-членаў Еўрапейскага Саюза (у тым ліку — Польшчы).
У ходзе сустрэчы таксама былі абмеркаваныя перспектывы правядзення тэматычнай сустрэчы прадстаўнікоў Дэпартамента міграцыі з беларускімі грамадзянскімі арганізацыямі, суб’ектамі бізнесу і прадстаўнікамі дыяспары. Мэтай такой сустрэчы з’яўляецца сістэматызацыя надзённых пытанняў у галіне легалізацыі, абмен актуальнай інфармацыяй аб правах і абавязках рэзідэнтаў, а таксама павышэнне эфектыўнасці камунікацыі паміж дзяржаўнымі органамі Літвы і беларускай супольнасцю.
Таксама Дзяніс Кучынскі распавёў пра бягучыя адукацыйныя і моўныя ініцыятывы беларускіх арганізацый, падкрэсліўшы прыярытэт добрасуседства, вывучэння літоўскай мовы і павагі да культуры і законаў краіны, якая прыняла беларусаў.
Офіс Святланы Ціханоўскай будзе працягваць перадаваць літоўскім дзяржаўным органам практычныя прапановы беларускай супольнасці і працаваць над тым, каб беларусам у Літве было прасцей вырашаць адміністрацыйныя пытанні.
