Святлана Ціханоўская: «Мозырскі НПЗ — гэта вельмі наглядны і балючы прыклад таго, як памылкі Лукашэнкі руйнуюць нашую эканоміку і дабрабыт беларусаў.
Да 2022 года Украіна для гэтага прадпрыемства была галоўнай крыніцай прыбытку. Беларускі бензін і дызель займалі да 50% украінскага рынку. Але ўцягванне Беларусі ў вайну паставіла крыж на гэтым напрамку. А продаж паліва ў РФ, якое трапляе потым у расейскую армію, зрабіла Мозырскі НПЗ таксама і мэтай для ваеннага ўдару.
Можна ўзгадаць і інтэрв‘ю Ўладзіміра Зяленскага, дзе ён кажа пра тое, як Лукашэнка прапанаваў нанесці ўдар па гэтым прадпрыемстве.
Уключэнне Мозырскага НПЗ у 21-ы пакет санкцыяў Еўразвязу — гэта прамы вынік дзеянняў рэжыму. Цяпер прадпрыемства не зможа набываць ніякага еўрапейскага абсталявання і выкарыстоўваць ліцэнзійны софт. Ужо некалькі гадоў як фінансавыя паказчыкі зрабілі таямніцай, але мы разумеем, што больш за 5000 працаўнікоў прадпрыемства адчуюць наступствы памылак рэжыму.
Самае страшнае ва ўсім гэтым — што за рашэнні рэжыму заўсёды плацяць звычайныя беларусы. Сёння гэта страчаныя заводы і рынкі, заўтра — рост цэнаў, мізэрныя заробкі і адсутнасць любой перспектывы».
