Падчас Аспенскага форуму па бяспецы Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у панэльнай дыскусіі «Дрэйф: Еўропа ў перыяд перамен».
Аспенскі форум па бяспецы — адна з вядучых міжнародных пляцовак, прысвечаных пытанням нацыянальнай бяспекі і знешняй палітыкі. Форум штогод збірае палітычных лідараў, прадстаўнікоў урадаў, міжнародных арганізацый, экспертнай супольнасці і медыя для абмеркавання ключавых глабальных выклікаў у надпартыйным фармаце.
Разам з беларускай лідаркай у размове ўдзельнічалі генеральная сакратарка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Белен Марцінес Карбанэль, міністр абароны і знешняга гандлю Бельгіі Тэа Франкен, міністр юстыцыі і бяспекі Нідэрландаў Давід ван Вэл. Мадэратарам дыскусіі выступіў журналіст The Washington Post Пітэр Шпігель.
У сваім выступе Святлана Ціханоўская адзначыла, што будучыня бяспекі Еўропы непарыўна звязаная з будучыняй Беларусі, і заклікала глядзець на Беларусь не толькі як гуманітарнае пытанне, але і як пытанне бяспекі:
«Мы павінны ўжо цяпер глядзець на Беларусь па-іншаму. Успрымаць Беларусь не толькі як гуманітарны выпадак, але і з пункту гледжання бяспекі. Бо пакуль Лукашэнка служыць Расіі, ён гатовы прадастаўляць нашу тэрыторыю і нашу інфраструктуру для нападаў на Украіну і патэнцыйна — на краіны НАТА.
Яны будуюць новую інфраструктуру, якой не павінна быць, калі краіна не рыхтуецца да эскалацыі. Калі мы не пазбавімся гэтага рэжыму, пагроза з тэрыторыі Беларусі будзе заставацца пастаяннай.
Дэмакратычная і свабодная Беларусь — у інтарэсах не толькі беларусаў ці ўкраінцаў, але і еўрапейцаў».
