Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Чэхіі Пэтрам Мацінкам. Сустрэча адбылася ў Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе, а не ў Міністэрстве замежных справаў, што стала асаблівым жэстам падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў і беларускага народа. Разам з міністрам у сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі МЗС Чэхіі і дарадцы міністра.
Святлана Ціханоўская падзякавала міністру і Чэхіі за паслядоўную падтрымку беларусаў, дэмакратычных сілаў і цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
Міністр пацвердзіў, што па выніках папярэдняй сустрэчы са Святланай Ціханоўскай прынята рашэнне аб спрашчэнні візавага рэжыму і выдачы візаў сваякам беларусаў, якія пражываюць у Чэхіі. Адпаведнае афіцыйнае рашэнне будзе апублікаванае ў бліжэйшы час.
Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі:
- Ваенна-палітычную сітуацыю ў рэгіёне. Святлана Ціханоўская адзначыла, што мэта дэмакратычных сілаў — не дапусціць яшчэ большага ўцягвання Беларусі ў вайну.
- Працэс вызвалення палітычных зняволеных.
3. Падтрымку рэпрэсаваных беларусаў.
4. Магчымасць далучэння Чэхіі да Міжнароднага гуманітарнага фонду. - Магчымасць прызначэння асобнага спецпасланніка па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Ціханоўская распавяла пра беларускую супольнасць у Чэхіі, яе ўклад у чэшскае грамадства і эканоміку, а таксама пра праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні. Сярод каля 8 500 беларусаў, якія жывуць у Чэхіі, больш за 300 чалавек пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў з боку рэжыму.
Асобную ўвагу бакі надалі пытанням міжнароднай адказнасці. Ціханоўская падкрэсліла важнасць міжнародных намаганняў па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і саўдзел у ваенных злачынствах.
Святлана Ціханоўская: «Я ўдзячная міністру за давер, падтрымку нашага Офіса ў Празе і беларускай справы на міжнароднай арэне. Міністр запэўніў мяне, што падтрымка Беларусі застаецца нязменнай, і беларусы могуць разлічваць на падтрымку чэшскага ўрада. Я асабліва ўдзячная, што нам удалося вырашыць праблему з візамі для сваякоў беларусаў у Чэхіі. Гэта дапаможа многім нашым людзям, якія сёння сутыкаюцца з сур’ёзнымі цяжкасцямі».
