У Вестмінстэрскім палацы ў Лондане праходзіць сустрэча Міжпарламенцкага альянсу «За дэмакратычную Беларусь». У мерапрыемстве ўзялі ўдзел парламентарыі з Вялікабрытаніі, Украіны, Іспаніі, Літвы, Латвіі, Харватыі, Чэхіі, Грузіі, Люксембурга, прадстаўнікі Еўрапейскага парламента і Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, а таксама прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў і супольнасці.
На адкрыцці выступіла Святлана Ціханоўская. Яна падзякавала брытанскім парламентарыям за паслядоўную падтрымку Беларусі і адзначыла, што беларускае пытанне застаецца важнай часткай еўрапейскага парадку дня.
Асобна Ціханоўская падкрэсліла, што бяспека Беларусі, Украіны і ўсёй Еўропы непарыўна звязаныя паміж сабой, а падтрымка дэмакратычных пераменаў у Беларусі з’яўляецца ўнёскам у агульную бяспеку і стабільнасць рэгіёну.
Падчас выступу Ціханоўская казала пра неабходнасць захоўваць міжнародны ціск на рэжымы Лукашэнкі і Пуціна, дамагацца адказнасці за злачынствы супраць беларусаў і ўкраінцаў, а таксама рыхтавацца да будучых дэмакратычных пераменаў у Беларусі. Асобную ўвагу яна надала абмеркаванню пазітыўнай альтэрнатывы для краіны — таго, якой можа стаць Беларусь пасля завяршэння дыктатуры, як правесці дэмакратычныя рэформы, аднавіць вяршэнства права і вярнуць краіну да еўрапейскай сям’і народаў.
«Людзі, якія жывуць пад дыктатурай, хочуць чуць не толькі пра рэпрэсіі і вайну, але і пра тое, за якую будучыню мы змагаемся. Якім будзе жыццё пасля дыктатуры? Як пазбавіцца ад залежнасці ад Расіі? Як правесці канстытуцыйную рэформу, эканамічную мадэрнізацыю, аднавіць дэмакратычныя інстытуты і вяршэнства права? Усё гэта — адзіны шлях да таго, каб вярнуць Беларусі яе месца ў Еўропе.
Я хачу нагадаць вам: усе дыктатуры здаюцца непераможнымі, пакуль раптам не абвальваюцца. Мы не можам ведаць, калі і як гэта адбудзецца. Што мы можам зрабіць — гэта наблізіць гэты момант. І таму мы тут».
