Святлана Ціханоўская выступіла з лекцыяй у Кіеўскай школе эканомікі — адной з вядучых адукацыйных і аналітычных пляцовак Украіны. Лекцыя была прысвечаная рэгіянальнай бяспецы, беларуска-ўкраінскім адносінам ва ўмовах расійскай вайны, а таксама ролі моладзі і грамадзянскай супольнасці ў дэмакратычных зменах.
Падчас лекцыі кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета распавяла пра супольную гісторыю беларусаў і ўкраінцаў, удзел беларусаў у Рэвалюцыі годнасці і абароне Украіны пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Асобна яна згадала беларускіх добраахвотнікаў, палітвязняў і чыгуначных партызанаў, якія выступілі супраць расійскай агрэсіі і саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне.
Ціханоўская адзначыла, што сёння Расія спрабуе замацаваць кантроль над Беларуссю праз вайсковую прысутнасць, ядзерную зброю і русіфікацыю, таму дэмакратычная Беларусь павінна стаць часткай будучай архітэктуры бяспекі ў рэгіёне.
Асобна Ціханоўская закранула праблемы беларусаў, якія жывуць ва Украіне. Яна адзначыла, што многія беларусы не могуць падоўжыць дазволы на жыхарства праз тое, што іх пашпарты страцілі тэрмін дзеяння.
Напрыканцы лекцыі Ціханоўская выказала надзею на паглыбленне супрацоўніцтва паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Украінай, у тым ліку — праз адкрыццё Місіі дэмакратычных сілаў у Кіеве.
Святлана Ціханоўская:
«Толькі калі Беларусь будзе свабоднай ад дыктатуры, свабоднай ад расійскага кантролю, з дэмакратычным урадам, абраным на свабодных выбарах, — толькі тады Беларусь стане гарантам міру, а не пастаяннай пагрозай.
Сёння, калі я ехала на цягніку, мне надрукавалі квіток Украінскай чыгункі. На ім было напісана: “З вольнага Кіева ў свабодны Мінск”. Я веру, што так яно і будзе. Праз свабоду Украіны адкрыецца і шлях да свабоднай Беларусі».
Пасля лекцыі адбылася сесія пытанняў-адказаў на беларускай і ўкраінскай мовах.
