• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Візіт у Брусель, Падрыхтоўка Дня Волі, Міжнародны жаночы дзень. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 2–8 сакавіка 

    10 сакавіка, 2026

    ПАСЯДЖЭННЕ КАНСУЛЬТАТЫЎНАЙ ГРУПЫ ЕС З БЕЛАРУСКІМІ ДЭМАКРАТЫЧНЫМІ СІЛАМІ

    6 сакавіка ў Бруселі прайшло пасяджэнне «Кансультатыўнай групы з удзелам дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці Беларусі». Мэта Кансультатыўнай групы — каардынаваць падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасці і абмяркоўваць будучыню дэмакратычнай Беларусі. Сярод удзельнікаў з беларускага боку — прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады і грамадзянскай супольнасці.

    ПАДРЫХТОЎКА ДНЯ ВОЛІ

    25 сакавіка беларусы адзначаюць Дзень Волі. Для каардынацыі дзеянняў на мінулым тыдні быў арганізаваны камітэт па адзначэнні свята, старшынёй якога быў абраны Павел Севярынец. Па ўсім свеце беларусы будуць ладзіць івэнты і імпрэзы, да якіх зможа далучыцца кожная і кожны.

    ФОРУМ «8+100» У БРУСЕЛІ

    4 сакавіка ў Бруселі прайшоў форум «8+100» — пляцоўка для супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў з еўрапейскімі палітычнымі партыямі. Мерапрыемства было арганізавана Еўрапейскім парламентам сумесна з Офісам Святланы Ціханоўскай. Удзельнікі абмеркавалі каардынацыю палітыкі ЕС у адносінах да Беларусі і ролю краіны ў будучай архітэктуры еўраатлантычнай бяспекі.

    СУСТРЭЧА З ЕЎРАКАМІСАРКАЙ МАРТАЙ КОС

    6 сакавіка ў Бруселі еўракамісарка Марта Кос прыняла Святлану Ціханоўскую разам з нядаўна вызваленымі палітзняволенымі Марыяй Калеснікавай і Віктарам Бабарыкам. Ціханоўская падзякавала еўракамісарцы за значную падтрымку беларускай справы, у тым ліку незалежных медыя, праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасці і моладзі. Еўракамісарка пацвердзіла, што Еўрасаюз працягне падтрымліваць беларусаў і беларускія ініцыятывы.

    СУСТРЭЧА З КАЯЙ КАЛАС

    6 сакавіка ў Бруселі вярхоўная прадстаўніца ЕС па знешняй палітыцы і бяспецы Кая Калас прыняла дэлегацыю беларускіх дэмакратычных сілаў. У сустрэчы ўдзельнічалі намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка, Марыя Калеснікава і Віктар Бабарыка. Ціханоўская падкрэсліла: «Мы захоўваем адзінства і працягваем працу. У нас могуць быць розныя погляды, але ў нас адны каштоўнасці і адна мэта — незалежная Беларусь».

    СУСТРЭЧЫ З КІРАЎНІКАМІ ЕЎРАПЕЙСКІХ ТЭХНАЛАГІЧНЫХ КАМПАНІЯЎ І БУЙНОГА БІЗНЕСУ

    5 сакавіка ў Бруселі Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі еўрапейскіх тэхналагічных кампаніяў і буйнога бізнесу. У сустрэчы таксама бралі ўдзел яе дарадца Дзяніс Кучынскі і Павел Лібер, аўтар шэрагу інавацыйных праектаў беларускай супольнасці. Сустрэча была арганізаваная еўрадэпутаткай Евай Мэйдэл. Падчас сустрэчы беларуская лідарка падкрэсліла, што міжнародныя карпарацыі могуць сыграць ключавую ролю ў абароне дэмакратыі.

    СУСТРЭЧА З ЕЎРАКАМІСАРАМ ПА АБАРОНЕ

    5 сакавіка ў Бруселі Святлана Ціханоўская сустрэлася з еўракамісарам па абароне Андрусам Кубілюсам. Падчас сустрэчы абмяркоўвалі бягучую ваенна-палітычную сітуацыю, гуманітарны трэк вызвалення палітвязняў, які вядзе ЗША, а таксама месца Беларусі ў будучай архітэктуры бяспекі Еўропы.

    Ціханоўская прапанавала, каб Еўрасаюз глядзеў на Беларусь з улікам доўгатэрміновых стратэгічных інтарэсаў, і каб у будучай еўрапейскай стратэгіі бяспекі было месца для Беларусі.

    СУСТРЭЧА З ВІЦЭ-ПРЭЗІДЭНТАМ ЕЎРАКАМІСІІ

    5 сакавіка ў Бруселі Святлана Ціханоўская сустрэлася з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі і еўракамісарам Рафаэле Фіта, які адказвае за рэформы і згуртаванне. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што ўжо цяпер неабходна рыхтавацца да Беларусі пасля пераменаў. Бо ў момант, калі яны адбудуцца, Беларусі спатрэбіцца дапамога Еўрапейскага Саюза для правядзення рэформаў і адбудовы краіны. Ціханоўская прапанавала разам з Еўракамісіяй ужо цяпер пачаць падрыхтоўку магчымых напрамкаў і праектаў супрацоўніцтва.

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ЗВЯРНУЛАСЯ ДА БЕЛАРУСАК З НАГОДЫ 8 САКАВІКА

    У міжнародны жаночы дзень Святлана Ціханоўская звярнулася да беларускіх жанчын, дзе падкрэсліла: «Беларускі ўжо шмат разоў паказвалі, што яны не будуць маўчаць. Вы выходзілі на вуліцы, вы абаранялі адна адну, не давалі зламаць сябе. І нават калі вас спрабавалі запалохаць, вы ўсё адно выбіралі чалавека, а галоўнае — моцную жанчыну ў самой сабе».

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — ПРА СМЕРЦЬ АЛЕНЫ ПАНКОВАЙ

    5 сакавіка стала вядома пра смерць палітзняволенай Алены Панковай. Святлана Ціханоўская: «Вельмі балюча чытаць пра смерць Алены Панковай. Ёй было толькі 54. Алена была асуджаная за ўдзел у пратэстах і адбывала «хатнюю хімію». Выказваю шчырыя спачуванні родным і блізкім Алены і асобна — яе 18-гадоваму сыну. Сілы вам».

    МЕДЫЯ: Tages Anzeiger (Швейцарыя), ABC (Аўстралія),  БелСАТ (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), Наша Нiва (Беларусь), (міжнароднае), AFP (міжнароднае), SITA (Славакія).

    Апошнія навіны