Сёння ў Празе дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў прадставіў Канцэпцыю прымянення інстытута люстрацыі ў Беларусі.
Прэзентацыя адбылася пры падтрымцы Офіса дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы і яго дырэктаркі Крысціны Шыянок.
На прэзентацыі прысутнічалі дыпламаты з Партугаліі, Украіны, Фінляндыі, госці з Польшчы, прадстаўнік МЗС Чэшскай Рэспублікі і іншыя. Адзін з гасцей напісаў і абараніў у Празе бакалаўрскую працу на тэму люстрацыі для Беларусі.
Юрыдычная каманда Офіса падрабязна прадставіла ключавыя палажэнні Канцэпцыі і магчымую мадэль яе прымянення ў будучыні пры дэмакратычным пераходзе ў Беларусі. Таксама члены юрыдычнай каманды правялі брыфінг пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і пра працу па вызваленні палітычных зняволеных. Падчас брыфінгу таксама абмяркоўваўся міжнародны досвед і магчымыя сцэнары рэалізацыі люстрацыйных механізмаў у беларускім кантэксце.
Леанід Марозаў адзначыў:
«Люстрацыя — гэта не інструмент помсты, а крок да аднаўлення даверу, да пабудовы новай сістэмы, заснаванай на законе і адказнасці. Абмеркаванні Канцэпцыі з дыпламатамі паказваюць, што міжнародная супольнасць падзяляе імкненне беларусаў і беларусак да справядлівасці».
Мерапрыемства адбылося 12 лістапада і было прымеркавана да трагічнай гадавіны смерці Рамана Бандарэнкі (01.08.1989–12.11.2020).
Падрабязней пра Канцэпцыю люстрацыі можна даведацца па спасылцы.
