Святлана Ціханоўская распачала свой візіт у Нідэрланды з сустрэчы з амбасадарамі больш чым дваццаці краінаў Еўрасаюза. Беларуская лідарка звярнулася да ўдзельнікаў з прамовай, якая закранула шэраг ключавых пытанняў: ад вызвалення палітвязняў да падтрымкі грамадзянскай супольнасці.
Да таго ж, Ціханоўская падкрэсліла — дэмакратычныя сілы рыхтуюцца да пераменаў:
«Мы распрацоўваем рэформы, супрацьдзейнічаем прапагандзе, шукаем саюзнікаў сярод наменклатуры. Шмат хто ў сістэме разумее, што час Лукашэнкі сыходзіць.
Калі надыдзе момант, будзе толькі два шляхі — застацца пад кантролем Расіі або ісці ў бок Еўрасаюза. Наша мэта — зрабіць еўрапейскую перспектыву рэалістычнай і альтэрнатывай «рускаму міру».
Беларусы глядзяць на Украіну, падтрымліваюць і вучацца ў яе. Мы разумеем: калі пераможа Украіна — пераможам і мы. Таму беларусы валанцёраць, дапамагаюць, а многія ідуць ваяваць.
Але адна толькі сіла зброі не працуе без людзей, гатовых змагацца за сваю свабоду.
Падтрымка беларускага дэмакратычнага руху і нашага грамадства зараз мае вырашальнае значэнне. Нам не патрэбная зброя — нам патрэбная падтрымка медыя, праваабаронцаў, актывістаў, валанцёраў, дзеячаў культуры і дэмакратычных інстытуцый».