• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Тэкст парыжскага мемарандума

    08 кастрычніка, 2025

    Парыжскі мемарандум,
    Альянс парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь»

    Мы, прадстаўнікі парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» нацыянальных парламентаў і міжнародных парламенцкіх арганізацыяў, на 3-й сустрэчы Альянсу парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» у Парыжы пацвярджаем нашую агульную мэту — аднаўленне дэмакратыі ў Беларусі праз свабодныя і справядлівыя выбары, а таксама садзейнічанне еўрапейскай інтэграцыі Беларусі як гарантыі яе незалежнасці.

    Пры гэтым:

    • Разглядаючы Беларусь як неад’емную частку еўрапейскай гістарычнай і культурнай прасторы;
    • Пацвярджаючы непрызнанне вынікаў сфальсіфікаваных антыдэмакратычных выбараў, праведзеных рэжымам Аляксандра Лукашэнкі;
    • Адрозніваючы нелегітымны рэжым, які стаў саўдзельнікам расійскай агрэсіўнай вайны супраць Украіны, ад народа Беларусі;
    • Падтрымліваючы дзейнасць дэмакратычных сілаў Беларусі, якія дэ-факта прадстаўляюць беларускі народ і яго волю жыць у дэмакратычнай, незалежнай дзяржаве: Святлана Ціханоўская, Нацыянальная лідарка Беларусі; Аб’яднаны Пераходны Кабінет; Каардынацыйная Рада; дэмакратычныя палітычныя партыі; арганізацыі і ініцыятывы грамадзянскай супольнасці; праваабаронцы; незалежныя СМІ;
    • Абапіраючыся на палажэнні Ліста аб намеры супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім парламентам і Дэмакратычнымі сіламі Беларусі, падпісанага 3 мая 2024 года;
    • Вітаючы прадстаўніцтва і працу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы ў адпаведнасці з Рэзалюцыяй Асамблеі № 2530 «Аб дэмакратычнай будучыні Беларусі» ад 25 студзеня 2024 года;
    • Звяртаючы ўвагу на Люксембургскія рашэнні, прынятыя 6-7 чэрвеня 2024 года ў якасці механізму сістэмнага вырашэння праблемаў, з якімі сутыкаюцца сотні тысячаў беларусаў у выгнанні;
    • Адзначаючы, што пагрозы рэгіянальнай бяспецы, выкліканыя палітыкай рэжыму Лукашэнкі, будуць захоўвацца да вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі;

    Мы ўхваляем наступныя пункты Парыжскага мемарандума як план сумесных дзеянняў дзеля салідарнасці і пазітыўных зменаў у Беларусі, а менавіта:

    • Мы рэкамендуем нацыянальным парламентам падрыхтаваць і падпісаць мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж нацыянальнымі парламентамі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі;
    • Мы прапануем ініцыяваць стварэнне парламенцкіх групаў супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі ў Парламенцкай асамблеі НАТА, Парламенцкай асамблеі АБСЕ, а таксама ў нацыянальных парламентах дэмакратычных краінаў, дзе яны яшчэ не створаныя;
    • Мы заклікаем усе дэмакратычныя сілы і палітычныя партыі Беларусі актыўна ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную Раду ў траўні 2026 года, каб сумесна забяспечыць яе пераўтварэнне ў прадстаўнічы і ўплывовы орган прадэмакратычнага пераходу ў Беларусі;
    • Мы заклікаем нацыянальныя парламенты ўстанаўліваць і ўмацоўваць адносіны з Каардынацыйнай Радай і партнёрскімі палітычнымі партыямі, тым самым павышаючы міжнароднае прадстаўніцтва і легітымнасць дэмакратычных сілаў Беларусі;
    • Мы імкнёмся спыніць удзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны, прыцягнуць яго да адказнасці за ваенныя злачынствы і гібрыдную вайну супраць суседніх дзяржаваў;
    • Мы рэкамендуем групам «За дэмакратычную Беларусь» спрыяць укараненню Люксембургскіх рашэнняў у нацыянальнае заканадаўства, у тым ліку праз стварэнне лепшых магчымасцяў для мабільнасці беларусаў: атрыманне візаў, перасячэнне межаў, забеспячэнне прававога статусу беларусаў у краінах ЕС, захаванне культурнай і моўнай самабытнасці;
    • Мы патрабуем неадкладнага спынення рэпрэсіяў і тэрміновага безумоўнага вызвалення ўсіх беларускіх палітычных зняволеных без іх прымусовай дэпартацыі з Беларусі;
    • Мы вітаем ініцыятывы, агучаныя на Парыжскай сустрэчы, у тым ліку правядзенне Кангрэса сімвалічных хросных бацькоў беларускіх палітычных зняволеных.

    Апошнія навіны