У Хельсінкі Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністаркай замежных справаў Фінляндыі Элінай Валтонен, якая цяпер старшынюе ў АБСЕ. Міністарка пагадзілася далучыцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду і вылучыць 50 тысячаў еўра на дапамогу рэпрэсаваным. Акрамя Фінляндыі, да фонду раней далучыліся Нарвегія, Швецыя, Данія, Ісландыя, Латвія, Эстонія, Люксембург і Іспанія. Сродкі з фонду ідуць непасрэдна на праграмы рэабілітацыі, лячэння і рэлакацыі для былых палітвязняў і іх сем’яў, а не на адміністрацыйныя выдаткі. Кіруюць сродкамі беларускія праваабарончыя арганізацыі.
Ціханоўская таксама абмеркавала ініцыятывы ў межах АБСЕ: удзел Беларусі ў міністэрскіх сустрэчах, імплементацыю Маскоўскага і Венскага механізмаў, а таксама ўдзел у мерапрыемствах АБСЕ па чалавечым вымярэнні. Яна падкрэсліла важнасць выканання рэкамендацый АБСЕ — у тым ліку вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, прыцягнення вінаватых да адказнасці, выбарчай рэформы і правядзення новых выбараў пад міжнародным наглядам. «Выкананне прынцыпаў АБСЕ і сістэмныя рэформы — гэта неабходныя ўмовы для вываду Беларусі з ізаляцыі і заканчэння палітычнага крызісу», — заявіла Ціханоўская. Яна таксама адзначыла, што рэжым Лукашэнкі сістэматычна парушае прынцыпы АБСЕ і ігнаруе яе рэкамендацыі.
Таксама абмеркавалі сітуацыю з беларусамі ў Фінляндыі, якія сутыкаюцца з праблемамі пры падачы на від на жыхарства — асабліва калі іх пашпарты пратэрмінаваныя. Бакі дамовіліся шукаць законнае рашэнне, якое дазволіць беларусам атрымаць дакументы без неабходнасці вяртання ў Беларусь, бо гэта пагражае рэпрэсіямі.
З міністаркай таксама гаварылі пра новы пакет санкцыяў ЕС за парушэнні правоў чалавека і пра падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і медыя праз новы міжнародны фонд, запушчаны Фінляндыяй з нагоды 50-годдзя АБСЕ. Ціханоўская падзякавала Фінляндыі за прынцыповасць і рашучасць у абароне сваіх межаў.
Яна таксама заклікала Фінляндыю далучыцца да ініцыятывы Літвы ў Міжнародным крымінальным судзе і Міжнародным судзе ААН па справах прымусовай дэпартацыі грамадзянаў Беларусі і інструменталізацыі нелегальнай міграцыі.
«Міністарка цудоўна арыентуецца ў сітуацыі і падтрымлівае беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю і еўрапейскую будучыню. Фінляндыя гатовая больш актыўна ўдзельнічаць у падтрымцы нашых медыя, праваабаронцаў і рэпрэсаваных. І яна заўсёды выказваецца ў падтрымку Беларусі на міжнароднай арэне. Цяпер, калі Фінляндыя старшынюе ў АБСЕ — гэта для нас дадатковая магчымасць прыцягнуць увагу да Беларусі і праблемы палітвязняў».