Святлана Ціханоўская сустрэлася з віцэ-прэм’ерам і міністрам замежных справаў Люксембурга Ксаўе Бетэлем. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся шляхі падтрымкі беларускага народа, еўрапейская інтэграцыя і адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы.
Міністр Бетэль паінфармаваў, што Люксембург далучаецца да міжнароднага гуманітарнага фонду і ўжо выдзеліў 250 000 еўра для лячэння і рэабілітацыі палітвязняў і рэпрэсаваных.
Акрамя таго, бакі абмеркавалі:
➖шляхі і спосабы вызвалення беларускіх палітвязняў;
➖легалізацыю беларусаў у Люксембургу;
➖уплыў на беларускія рэаліі прынятых раней «Люксембургскіх рашэнняў» і далейшую сумесную працу;
➖магчымасць прызначэння спецпасланніка па Беларусі.
Святлана Ціханоўская:
«Гэта моцны сігнал падтрымкі для беларускага народа. Мы дзякуем Люксембургу за прынцыповую пазіцыю, падтрымку на пляцоўках Рады Еўропы і ААН. Унёсак у Міжнародны гуманітарны фонд дапаможа аднавіцца тым, хто прайшоў праз турмы, катаванні і пераслед. Я заклікаю Люксембург не спыняцца на гэтым — і далей уздымаць пытанні, датычныя Беларусі, на міжнародных пляцоўках. У прыватнасці, дапамагаць шукаць шляхі і спосабы вызвалення палітвязняў».