Святлана Ціханоўская працягвае працоўны візіт у Нарвегію. Адна з ключавых сустрэчаў прайшла ў Стортынгу – парламенце Нарвегіі, дзе лідарка выступіла з прамовай і прыняла ўдзел у семінары пра палітычных зняволеных у Еўропе. Да яго далучылася больш за 100 удзельнікаў, у тым ліку дэпутаты, чыноўнікі, праваабаронцы і журналісты з шэрагу краінаў, сярод якіх Беларусь, Сербія, Грузія, Украіна і Азэрбайджан.
Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу на цяжкія ўмовы ўтрымання палітвязняў у Беларусі, іх псіхалагічныя і фізічныя катаванні. Яна падкрэсліла важнасць міжнароднай падтрымкі Беларусі і працягу актыўнага ціску на рэжым. Асобна лідарка адзначыла: амністыі з’яўляюцца не сапраўднай зменай палітыкі рэжыму, а палітычным манеўрам.
Акрамя таго, Святлана Ціханоўская выступіла з прапановамі да парламентаў аб канкрэтных кроках для падтрымкі дэмакратычных пераменаў у Беларусі:
📌 Дэлегітымізацыя псеўдавыбараў Лукашэнкі ў 2025 годзе.
📌 Падрыхтоўка рэзалюцыяў у міжнародных парламенцкіх арганізацыях, такіх як ПАСЕ, АБСЕ і НАТА.
📌 Дапамога беларусам у выгнанні.
📌 Пагадненні аб супрацоўніцтве паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і нарвежскім парламентам.
📌 Экспертныя ацэнкі законаў, распрацаваных для новай Беларусі, заявы і слуханні пра Беларусь.
📌 Дапамога ў вырашэнні праблемаў беларускай дыяспары: слуханні па праблемах легалізацыі, арганізацыя рабочых сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускіх арганізацыяў і дыяспары.
📌 Стажыроўкі для беларусаў.
Святлана Ціханоўская: «Я дзякую Нарвежскаму Стортынгу за тое, што ён сабраў нас сёння, каб абмеркаваць такую важную тэму, як палітычныя зняволеныя. Яны – нашыя героі, і мы павінны змагацца за іх вызваленне. Але ні адна барацьба за свабоду не можа быць выйграная без саюзнікаў. І многія з іх знаходзяцца ў гэтай зале. Дзякуй Нарвегіі, нарвежскаму народу і ўраду за тое, што яны стаяць разам з намі на гэтым шляху».