• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Ні тэрор, ні рэпрэсіі не спыняць нас у барацьбе за свабоду нашай краіны і нашага народа», – Святлана Ціханоўская

    08 кастрычніка, 2024

    Святлана Ціханоўская выступіла на семінары па палітычных зняволеных у Осла:

    «Паважаны віцэ-прэзідэнт Мортэн Волд,

    Шаноўная Марыя,

    Паважаная Торхільдур Суна Іварсдоцір,

    Паважаныя члены парламента,

    Дарагія сябры,

    Я ведаю, што тут я сярод сяброў. Сяброў, у якіх такія ж каштоўнасці і бачанне Еўропы – Еўропы мірнай, дэмакратычнай, дзе няма войнаў, тыраніі і палітычных зняволеных.

    Перш за ўсё дазвольце мне падзякаваць нарвежскаму Стортынгу за тое, што вы сабралі нас сёння для абмеркавання такой неадкладнай і балючай тэмы, як палітычныя зняволеныя.

    Палітычныя зняволеныя – гэта нашыя героі, і мы павінны штодня змагацца за іх вызваленне, пакуль усе яны не апынуцца на волі. Калі чалавек знаходзіцца ў халоднай камеры КДБ з маленькім акном памерам з шахматную дошку, яго падтрымлівае толькі салідарнасць, якую ён адчуваеце звонку. Чалавек ведае, што нехта за межамі камеры змагаецца за яго.

    Адным з такіх людзей з’яўляецца Алесь Бяляцкі. Роўна два гады таму ён атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. Гэтая навіна напоўніла нас гонарам, але таксама і сумам ад таго, што Алесь ахвяраваў уласнай свабодай, каб аднойчы свабоду змаглі здабыць усе мы.

    На працягу дзесяцігоддзяў ён змагаўся за правы чалавека і ваяваў супраць прыгнёту. За гэта ён неаднаразова апынаўся ў турме. Цяпер ён знаходзіцца ў зняволенні ў нечалавечых умовах, пазбаўлены доступу да юрыдычнай і медыцынскай дапамогі.

    Нават пасля Нобелеўскай прэміі дзверы яго турэмнай камеры не адчыніліся. Ад імя Алеся тут, у Осла, два гады таму прэмію атрымала ягоная жонка Наталля. У сваёй Нобелеўскай прамове, якую зачытала Наталля, Алесь сказаў: «Так атрымліваецца, што людзі, якія больш за ўсё шануюць свабоду, часта яе пазбаўленыя».

    Алесь у турме, але Наталля працягвае змагацца за яго. І я вельмі радая, што яна сёння з намі. Наталля! Вы і Алесь – сімвалы мужнасці для ўсіх беларусаў і крыніца натхнення для ўсіх, хто шануе свабоду. Дзякуй вам!

    І сёння я заклікаю вас падтрымаць міжнародную кампанію і запатрабаваць неадкладнага вызвалення Алеся. Падпішыце петыцыю за яго вызваленне. Арганізуйце мерапрыемствы ў падтрымку яго і ўсіх палітычных вязняў. Нам трэба, каб барацьба Алеся – наша агульная барацьба за свабоду – працягвалася.

    Поруч з Алесем у Беларусі цяпер1400 палітычных зняволеных – гэта жанчыны і пажылыя людзі, журналісты і праваабаронцы, прафесары і нават непаўналетнія.

    Многія з іх утрымліваюцца ў поўнай ізаляцыі – напрыклад, мой муж Сяргей. Ужо больш за 500 дзён я не атрымлівала ад яго вестак. Я нават не ведаю, ці жывы ён. Гэтае катаванне – не толькі для зняволеных, але і для іх сем’яў.

    Сярод іх – журналісты Ігар Лосік і Кацярына Андрэева, праваабаронца Марфа Рабкова і актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк. Сярод іх таксама Марыя Калеснікава, якая разарвала свой пашпарт, каб не даць дэпартаваць сябе са сваёй радзімы. Цяпер у дыктатарскай турме яе катуюць голадам і забіваюць.

    Сярод іх – Максім Знак, выбітны адвакат, які напісаў: «Калі каханне вартае таго, каб яе чакаць, то свабода вартая таго, каб за яе сядзець у турме».

    Гэты непахісны дух дэманструе мужнасць беларускага народа. Мужнасць тых, хто не губляе надзеі, нават знаходзячыся ў турэмных камерах. Мужнасць простых беларусаў і беларусак, якія, нягледзячы на ​​рызыкі, працягваюць супраціўляцца і падтрымліваць тых, хто мае патрэбу ў дапамозе.

    Мужнасць праяўляюць бацькі, якім даводзіцца тлумачыць сваім дзецям, чаму іх блізкія апынуліся за кратамі – не таму, што яны зрабілі нешта дрэннае, а таму, што адважыліся марыць пра лепшую Беларусь.

    Ні тэрор, ні рэпрэсіі не спыняць нас у барацьбе за свабоду нашай краіны і нашага народа.

    Але ніколі барацьбу за свабоду немагчыма выйграць без саюзнікаў. І многія з іх знаходзяцца ў гэтай зале. Я хачу падзякаваць Нарвегіі, нарвежскаму народу і ўраду за тое, што вы падтрымліваеце нас на гэтым шляху.

    Вы дэманструеце сваю прыхільнасць да дэмакратыі і правоў чалавека не толькі словамі, але і справамі, канкрэтнымі дзеяннямі.

    Падчас майго апошняга візіту ў Осла ў красавіку мы дамовіліся пра стварэнне Міжнароднага гуманітарнага фонду для падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсіяў у Беларусі. Нарвежскае МЗС пагадзілася выдзеліць 10 мільёнаў нарвежскіх кронаў у якасці першага ўнёску ў гэты фонд. Такая дапамога цяпер патрэбная як ніколі. Дзякуй!

    Нарвегія падтрымлівае нашыя СМІ і праваабаронцаў, а ў мінулым годзе прыняла групу дзяцей палітычных зняволеных. Калі твой блізкі чалавек у турме – гэта цяжка нават для дарослых. А ўявіце, як гэта для дзяцей.

    Я хачу падзякаваць прадстаўнікам і прадстаўніцам нарвежскай грамадзянскай супольнасці за тое, што вы так шмат робіце для Беларусі. У прыватнасці, хачу падзякаваць Нарвежскаму Хельсінкскаму камітэту і паважанай Берыт Ліндэман, Фонду Дома правоў чалавека і Марыі Дале, Нарвежскаму ПЭН-Цэнтру, Цэнтру па правах чалавека, Нарвежскаму інстытуту міжнародных адносінаў і Універсітэту Осла, а таксама Асацыяцыі беларусаў у Нарвегіі «Разам». Я заклікаю вас працягваць трымаць Беларусь на парадку дня, праводзіць сумесныя мерапрыемствы і запускаць кампаніі і праекты з беларускімі калегамі.

    Я таксама хачу падзякаваць усім праваабаронцам у гэтай залі – з Нарвегіі, Азербайджана, Грузіі, Сербіі, Украіны і Беларусі. Дзякуй, што вы даяце голас прыгнечаным. Барацьба з тыраніяй – гэта глабальная барацьба. І вы на перадавой. Пакуль аб’ядноўваюцца дыктатары ва ўсім свеце, мы таксама павінны быць адзіныя.

    Дарагія сябры,

    Кожны дзень я прачынаюся, думаючы пра Сяргея, пра Алеся, пра Марыю і многіх іншых людзей. Я задаю сабе пытанне: «Што я магу зрабіць сёння, каб дапамагчы іх вызваліць?» Я прашу вас далучыцца да мяне ў гэтай справе.

    Давайце не будзем маўчаць. Мы не павінны спыняцца, пакуль на волю не выйдзе апошні палітычны зняволены, а Беларусь зноў не стане краінай, дзе слова «свабода» – гэта не акт мужнасці, а простая і цудоўная ісціна.

    Дзякуй вам!»

    Апошнія навіны