Падчас Канферэнцыі «Новая Беларусь 2024» Святлана Ціханоўская абвясціла, якія змены адбыліся ў складзе Аб’яднанага Пераходнага Кабінета:
«Дарагія сябры, перад тым, як мы пяройдзем да пытанняў і адказаў, я хацела б зрабіць некалькі абвестак. Два гады таму мы стварылі Аб’яднаны пераходны кабінет. У першую чаргу, гэта была рэакцыя на вайну, у якую ўцягнуў Беларусь рэжым Лукашэнкі. Нам спатрэбіўся інстытут, які прадстаўляе беларусаў, абараняе іх інтарэсы, а не гандлюе суверэнітэтам з краінай-агрэсарам.
За гэты час Аб’яднаны пераходны кабінет зазнаў істотныя змены, прайшоў праз розныя выпрабаванні. Новыя людзі далучаліся, некаторыя іншыя сыходзілі. Але кожны і кожная зрабілі свой унёсак у нашу супольную справу.
Я хацела б яшчэ раз падзякаваць за працу Валерыю Кавалеўскаму і Валерыю Сахашчыку. Працаваць з вамі было для мяне гонарам. Нашыя дарогі не разышліся – мы, спадзяюся, працягнем супрацоўніцтва ў іншым фармаце. Бо ў нас з вамі аднолькавая мэта – новая свабодная Беларусь.
А сёння я хацела б агучыць змены ў Аб’яднаным пераходным кабінеце. Некаторыя – цяпер, а больш іх, спадзяюся, будзе ўвосень :
- Прадстаўніком па абароне і нацыянальнай бяспецы я прапаную прызначыць Вадзіма Кабанчука. Спадар Кабанчук выдатна праявіў сябе ў Палку Каліноўскага, дзе бараніў гонар Беларусі. Ён мае досвед і аўтарытэт сярод вайскоўцаў, добрыя адносіны з Украінай.
- Прадстаўніком па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве – Уладзіміра Астапенку. Гэтае прадстаўніцтва заменіць прадстаўніцтва па замежных справах. Спадар Астапенка будзе сумяшчаць сваю новую пазіцыю з пасадай кіраўніка місіі ў Бруселі.
- Прадстаўніцай па справах моладзі і студэнцтва – Маргарыту Ворыхаву. Маргарыта – сябра Каардынацыйнай рады і адна з лідарак беларускай моладзевай супольнасці. Яе задачай будзе прадстаўляць і бараніць інтарэсы моладзі як у Беларусі, так і за мяжой.
Таксама я ўхваліла прапанову Паўла Латушкі прызначыць намеснікам прадстаўніка па транзіце ўлады Арцёма Брухана. Спадар Брухан выдатна праявіў сябе падчас працы ў НАУ, мае досвед дзяржаўнай працы, а таксама гэта выдатны камунікатар і арганізатар.
Павел Латушка, Аліна Коўшык, Вольга Гарбунова, а таксама іх намеснікі працягваюць працу ў Кабінеце. І я ўдзячная кожнаму з вас за падтрымку і супрацоўніцтва ў гэтыя няпростыя для ўсіх нас часы.
Я спадзяюся, што ў найбліжэйшы час Каардынацыйная рада правядзе слуханні з удзелам новых прадстаўнікоў і дасць свае рэкамендацыі па іх прызначэнні. Каб Кабінет у новым складзе мог паўнавартасна пачаць сваю працу.
Таксама я прашу Каардынацыйную раду рэкамендаваць кандыдатаў на вакантныя пазіцыі. У прыватнасці, на пазіцыю прадстаўніка па эканоміцы і фінансах, па аднаўленні законнасці і правапарадку, а таксама па пытаннях мабільнасці і легалізацыі, што дазволіць больш эфектыўна вырашаць праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы як унутры краіны, так і ў выгнанні.
Змены ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, спадзяюся, павысяць яго эфектыўнасць і, самае важнае, – яго рэлевантнасць для беларусаў. Кабінет павінен адказваць на запыты беларускага грамадства і адстойваць беларускія інтарэсы. Упэўненая, што так яно і будзе.
А цяпер я хачу запрасіць на гэтую сцэну сваіх калегаў з Кабінета і дарадцаў, каб мы разам адказалі на вашыя пытанні».