28 сакавіка ў Варшаве прайшоў маштабны Марш да Дня Волі. Сотні ўдзельнікаў выйшлі на вуліцы польскай сталіцы, каб разам адзначыць нацыянальнае свята, выказаць салідарнасць і нагадаць: барацьба за свабоду Беларусі працягваецца.
Да шэсця далучылася Святлана Ціханоўская. Разам з беларусамі яна прайшла па цэнтры Варшавы пад бел-чырвона-белымі сцягамі — сімвалам стойкасці, годнасці і надзеі. Удзельнікі маршу пранеслі 330-метровы сцяг, а саму акцыю суправаджалі музыка, выступы артыстаў і ініцыятывы беларускай супольнасці.
У мерапрыемстве таксама ўзялі ўдзел польскія палітыкі і грамадскія дзеячы, у тым ліку Гжэгаж Схетына — старшыня Камітэта па замежных справах Сената Польшчы, былы міністр замежных справаў, а таксама дэпутат Сейма Аліцыя Лепкоўска і грамадска-палітычны дзеяч Адам Міхнік.
Напрыканцы Святлана Ціханоўская звярнулася да прысутных:
«Мы выходзім, таму што нельга не выходзіць. Нельга сядзець, маўчаць, проста перачакаць. Ніхто акрамя нас саміх, беларусаў, свабоду за нас не здабудзе.
Мы выходзім сёння за нашых палітвязняў… І мы будзем выходзіць, пакуль кожны і кожная не апынецца на волі».
Мы выходзім, каб аднавіць справядлівасць. Каб спыніўся тэрор. Мы патрабуем поўнай палітычнай амністыі.
Мы выходзім — у рэшце рэшт, проста таму, каб пабачыць адно аднаго. Пагаварыць. Натхніцца. І падзякаваць.
І я веру, што ў нас усё атрымаецца. І разам мы ўсё адолеем!
Жыве Беларусь!»
Зварот цалкам — па спасылцы.
«З Днём волі, дарагія мае беларусы і беларускі!
Кожны год, у гэты дзень, мы выходзім на вуліцы. Мы выходзім, каб сказаць: мы — беларусы, і мы гэтым ганарымся!
Мы выходзім пад нашым бел-чырвона-белым сцягам — сімвалам нашай няскоранасці і супраціву.
Мы выходзім, каб ушанаваць усіх тых, хто прысвяціў сваё жыццё Беларусі. Хто праз пакаленні змагаўся за свабоду. Умацоўваў нашую мову і культуру.
Мы выходзім, каб уславіць і нашых добраахвотнікаў, хто ваюе сёння за Украіну. Бо ведаем, што без перамогі Украіны, не будзе і вольнай Беларусі.
Мы выходзім сёння за нашых палітвязняў. За Сцяпана Латыпава, за Анджэя Пачобута, за Ігара Ільяша. І мы будзем выходзіць, пакуль кожны і кожная не апынецца на волі.
І я веру, што ўжо сёлета мы зможам пабачыць усіх на волі. Яны выйдуць — таму што мы за іх змагаемся. І нашыя амерыканскія сябры, я веру, давядуць гэту справу да канца.
Сёння тут з намі — многія з тых, хто яшчэ нядаўна быў у засценках. Так, яны вярнуліся змучаныя, стомленыя няволяй. Але незламаныя! Давайце прывітаем іх на волі!
Мы сёння выходзім і за тых, хто не можа выходзіць у Беларусі. Рэжым ператварае нашу краіну ў Паўночную Карэю ў цэнтры Еўропы. Але людзі з Беларусі мне пішуць, што таксама святкуюць: непублічна, падпольна. І таксама чакаюць моманту, калі мы зможам вярнуць сабе нашы вуліцы і гарады.
Мы выходзім, каб аднавіць справядлівасць. Каб спыніўся тэрор. Мы патрабуем поўнай палітычнай амністыі. Каб усе маглі вярнуцца дадому. І ўсе ахвяры атрымалі належную кампенсацыю.
А пасобнікі, усе злачынцы рэжыму — панеслі адказнасць за свае дзеянні. І сёння, дзякуючы Літве, дзякуючы Паўлу Паўлавічу, камандзе НАУ, «Вясне» і праваабаронцам — адкрыта справа ў Міжнародным судзе. І мы цяпер нашмат бліжэй да гэтай мэты.
Мы выходзім, таму што нельга не выходзіць. Нельга сядзець, маўчаць, проста перачакаць. Ніхто акрамя нас саміх, беларусаў, свабоду за нас не здабудзе. Гэта наша задача і наш абавязак.
Так, мы працягнем выходзіць, і я ведаю: мы не адны. З намі — увесь свабодны свет. З намі Еўропа і Амерыка. З намі Польшча, з намі Літва. Урэшце, з намі Украіна! І нішто так не натхняе, як калі прэзідэнт Украіны, якая сама ў вайне, гукае разам з намі: «Жыве Беларусь!»
Сёння мы выходзім у розных гарадах Польшчы — краіны, якая змагла! Адваявала свабоду, а сёння — дапамагае нам. Бо палякі разумеюць: без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Польшчы!
І сёння мы кажам дзякуй! Дзякуй Польшчы! Дзякуй польскаму народу!
Мы выходзім — у рэшце рэшт, проста таму, каб пабачыць адно аднаго. Пагаварыць. Натхніцца. І падзякаваць. Давайце казаць «дзякуй» адно аднаму часцей. Бо нам ёсць чым ганарыцца. Нягледзячы на ціск, мы з вамі выстаялі ўсе гэтыя гады і працягваем ісці да нашай мэты.
Я кажу «дзякуй» смелым беларусам Варшавы. Дзякуй былым палітвязням. Дзякуй паплечнікам з Кабінета і Каардынацыйнай Рады. Дзякуй музыкам, якія, нягледзячы на выгнанне, дапамагаюць зберагаць нам нашу ідэнтычнасць.
Дзякуй усім беларусам і замежным сябрам: хто выходзіў апошнія дні на вуліцы — па ўсім свеце. Вывешваў сцягі. Падсвечваў будынкі. Рабіў заявы. Ладзіў выставы, праводзіў канцэрты. Журналістам, праваабаронцам. Дзякуй нашай неймавернай дыяспары.
І канешне дзякуй беларусам унутры краіны, якія глядзяць нас цяпер. Мы з вамі. Мы разам. Мы не забылі 2020-ы. Мы працягваем нашу супольную, вялікую беларускую справу. Крок за крокам — ідзем да нашай мэты.
І я веру, што ў нас усё атрымаецца. І разам мы ўсё адолеем!
Слава Україні!
Niech żyje Polska!
Жыве Беларусь!»
