Сёння ў Вільні прайшло ўрачыстае ўзняцце бела-чырвона-белага сцяга каля Сейма Літвы. Гэтая цырымонія — частка ўшанавання 108-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Да акцыі далучыліся Святлана Ціханоўская, спікер Сейма Літвы Юозас Олекас, намеснік маршала Сената Польшчы Міхал Каміньскі, дэпутаты Сейма і беларуская дыяспара. Распачалася цырымонія з хвіліны маўчання ў памяць пра тых, хто аддаў жыццё за вольную Беларусь.
Святлана Ціханоўская:
«Сёння каля Сейма Літвы мы ўздымаем бел-чырвона-белы сцяг — сімвал нашай волі і няскоранасці.
Гэты сцяг нагадвае, што ёсць іншая Беларусь, несавецкая, нерасейская. Што беларусы — не роўна рэжым. Ён яднае беларусаў: і тых, хто ў выгнанні, і тых, хто дома.
На мінулым тыдні ён лунаў у сотнях гарадоў па ўсім свеце, дзе жывуць беларусы.
У Беларусі сёння такое ўявіць немагчыма. За сцяг караюць гадамі турмы, але ведаю, што многія яго сакрэтна захоўваюць дома. І прыйдзе момант, калі мы ўздымем яго над нашымі гарадамі, і ён вернецца на нашыя вуліцы».
