У Вільнюсе дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з новым прэзідэнтам Паўночнай Рады Віле Вярюненам. У сустрэчы таксама ўдзельнічаў дырэктар Офіса Паўночнай Рады міністраў у Літве Оле Андэрсан Ліндэман.
Сустрэча адбылася на палях канферэнцыі да 35-годдзя супрацоўніцтва Паўночнай Рады і Літвы. Дзяніс Кучынскі падзякаваў партнёрам за ўвагу да бягучай сітуацыі ў Беларусі, падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя.
Асноўныя тэмы размовы:
— як уключаць беларускую дэмакратычную павестку ў рэгіянальныя і міжнародныя фарматы Паўночнай Рады;
— як стварыць магчымасць удзелу прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў у працы Паўночнай Рады, каб беларуская дэлегацыя магла прысутнічаць на сесіях і працаваць у тэматычных групах;
— патрэба ў рэгулярным стратэгічным дыялогу з Паўночнай Радай як на парламенцкім, так і на ўрадавым узроўнях;
— абмен досведам у сферы парламентарызму і дзяржаўнага кіравання, у тым ліку магчымасць стажыровак для маладых беларусаў і беларусак;
— падтрымка беларускай праграмы рэформаў і важнасць экспертызы паўночных краінаў;
— праца міжнароднага Альянсу парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» і планы, каб наступная сустрэча Альянсу пасля Лондана адбылася ў Осла;
— парламенцкія інструменты салідарнасці, у тым ліку патранаж над палітвязнямі.
Дзяніс Кучынскі таксама падкрэсліў, што паўночныя краіны застаюцца сярод лідараў падтрымкі беларускай дэмакратычнай супольнасці і палітвязняў — у тым ліку праз гуманітарныя ініцыятывы і паслядоўную пазіцыю адносна ціску на рэжым.
Дзяніс Кучынскі: «Мы разлічваем на доўгатэрміновае партнёрства з Паўночнай Радай і разам працуем над больш сістэмнай інстытуцыяналізацыяй адносін — з рэгулярным дыялогам, супольнымі праектамі і большай уключанасцю Беларусі ў паўночна-балтыйскую прастору».
