У Бруселі закончылася пасяджэнне Кансультатыўнай групы «Беларусь – Еўрасаюз» – платформы камунікацыі паміж Еўрапейскім саюзам, беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю. Удзел у сустрэчы ўзялі 34 прадстаўніка: 17 з беларускага боку і 17 з еўрапейскага. Ад Беларусі ўдзельнічалі Святлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі, Павел Латушка, Аліна Коўшык. Прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйнай Рады – Андрэй Ягораў і Анжаліка Мельнікава, праваабарончыя і медыяарганізацыі, а таксама НДА.
Падчас пасяджэння абмеркавалі:
1. Пытанні легалізацыі беларусаў у краінах ЕС, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь, выдачу пашпартоў замежніка, праязных дакументаў, прызнанне пратэрмінаваных дакументаў.
2. Дыпламатычныя намаганні па вызваленні палітвязняў, гуманітарны спіс, інфармацыйную кампанію ў падтрымку палітвязняў, а таксама дапамогу рэпрэсаваным і палітвязням, якія адбылі свае тэрміны.
3. Фінансавую падтрымку для незалежных медыя, журналістаў і блогераў, праваабарончых і культурніцкіх ініцыятываў.
4. Неабходнасць падтрымкі пасажырскага злучэння і адкрытых межаў для беларусаў, працяг выдачы шэнгенскіх візаў праз еўрапейскія кансулаты ў Мінску.
5. Павелічэнне студэнцкіх стыпендыяў і абменаў для маладых беларусаў, магчымасць стажыровак у краінах ЕС і ў Бруселі.
6. Санкцыі супраць рэжыму і яго памагатых, у тым ліку супраць суддзяў, пракурораў, прапагандыстаў. Закрыццё шчылінаў у санкцыях.
7. Прыцягненне да адказнасці памагатых рэжыму, за падтрымку вайны ва Украіне і рэпрэсіі супраць беларусаў, праз Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН.
8. Інфармацыйную кампанію прамоцыі Еўрапейскага саюзу сярод беларусаў, супрацьдзеянне расійскай прапагандзе, удзел у правядзенні мерапрыемстваў з незалежнымі журналістамі.
9. Стратэгію па Беларусі ў кантэксце вайны ва Украіне: супрацьдзеянне спробам Расіі паглынуць Беларусь, па размяшчэнню ядзернай зброі, а таксама правакацыям рэжыму з мігрантамі і ваеннымі вучэннямі.
10. Непрызнанне «безвыбараў» 2025 году, якія плануе правесці рэжым.
У снежні запланаванае пашыранае пасяджэнне Кансультатыўнай групы, а таксама правядзенне шэрагу культурніцкіх мерапрыемстваў па Беларусі.