• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Заключнае слова Святланы Ціханоўскай напрыканцы першага дня Канферэнцыі «Новая Беларусь 2024»

    03 жніўня, 2024

    Завяршаючы першы дзень Канферэнцыі «Новая Беларусь 2024», Святлана Ціханоўская звярнулася да ўсіх з прамовай:

    «Дарагія сябры!

    Мяне папрасілі падсумаваць першы дзень працы Канферэнцыі «Новая Беларусь 2024». Што ж, я паспрабую. 

    Першае. Сёння мы прэзентавалі новы склад Кабінета. Я чакаю, што новыя прадстаўнікі яшчэ пройдуць працэдуру ўзгаднення ў Каардынацыйнай радзе. Але я радая, што далучаюцца новыя людзі, і спадзяюся, гэта дасць кабінету новае дыханне. 

    Другое. Сёння мы прынялі пратакол узаемадзеяння ўнутры дэмакратычных сілаў. Я дзякую ўсім, хто на працягу некалькіх месяцаў працаваў над узгадненнем гэтага дакумента. Гэта правілы, на аснове якіх мы будуем не толькі нашае супрацоўніцтва, але і давер унутры дэмакратычных сілаў. У нас цяпер ёсць свае, альтэрнатыўныя інстытуты, якія бароняць і прадстаўляюць інтарэсы беларусаў.

    Трэцяе. Мы прынялі «Платформу 2025». Гэта агульная рамка для нашай працы. Я радая, што столькі структураў і арганізацыяў, палітычных і грамадскіх, гэтую платформу падтрымалі. Мы запрашаем іншых да яе далучацца таксама. Цяпер трэба напоўніць гэтую платформу практычнай дзейнасцю. Я чакаю, што кожны возьме на сябе кавалак працы. Бо працы сапраўды шмат, і кожнаму знойдзецца месца. 

    Чацвёртае. Мы абмеркавалі прыярытэты на 2025-ы. Мы павінны не даць рэжыму перагарнуць старонку і замарозіць сітуацыю, пакуль людзі ў турмах, а краіна паняволеная. Лукашэнкаўскія выбары не будуць ні законныя, ні справядлівыя. І мы будзем дабівацца іх непрызнання. Мы будзем дзейнічаць разам, і выпрацуем супольную стратэгію, што рабіць у дзень «безвыбараў», да і пасля яго.

    Мы будзем дабівацца вызвалення палітвязняў. Апошні абмен паказаў, што неабходна шукаць і нам нечаканыя хады і інструменты. Мы будзем выкарыстоўваць і палітычныя, і дыпламатычныя метады. І нагадваць свету пра кожнага зняволенага і зняволеную. 

    Мы будзем працаваць над еўрапейскай будучыняй для Беларусі. І вельмі важна захаваць сувязь паміж беларусамі і Еўрапейскім саюзам. Мы будзем працаваць над праграмамі мабільнасці, здабываць стыпендыі для моладзі, мабілізаваць падтрымку для нашых медыя, праваабаронцаў і рэпрэсаваных.  

    Я радая, што сёння з намі прысутныя дыпламаты, амбасадары і замежныя партнёры, якія не толькі слухалі, але і ўдзельнічалі ў дыскусіях. Вы – дарагія дыпламаты і партнёры – нашыя саюзнікі, і мы вельмі разлічваем на вашую дапамогу, і ніколі не забудзем вашай салідарнасці. 

    Я хачу падзякаваць арганізатарам і ўдзельнікам сённяшняй канферэнцыі, вядучым, перакладчыкам, валанцёрам, а таксама нашым дарагім незалежным журналістам, якія сёння працавалі разам з намі. 

    Дарагія мае, 

    Я разумею, што многія рашэнні даюцца няпроста. Я ведаю, як бывае цяжка. Але разам мы абавязкова выстаім.  У вас – мая сіла.  Разам мы зруйнуем і муры, і краты. І катаў. Толькі нам трэба час і вытрымка.

    Мы маем рэсурс, ідэі, сілы ісці далей і бясконцасць станоўчых прыкладаў салідарнасці. У нас больш атрымліваецца, чым – не. Мы разам праходзім гэтае выпрабаванне як народ. Як нацыя. А за нашымі спінамі  – нашыя палітвязні.  Нам няма куды адступаць. Ніхто за нас не вырашыць і не зменіць наш лёс, лёс Беларусі.
    Нашая праца і праца канферэнцыі яшчэ не скончаная. Спадзяюся вас усіх пабачыць заўтра.

    Дзякуй, сябры. Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны