Сёння ў рамках 55-й сесіі Рады па правах чалавека быў прадстаўлены Даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека «Становішча ў галіне правоў чалавека напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх».
Вярхоўны камісар зноў прыцягнуў увагу да крызісу ў Беларусі, адзначыўшы: парушэнні правоў чалавека, апісаныя ў новым дакладзе, дадаткова пацвярджаюць маштабы і характэрную схему парушэнняў, выяўленых у папярэдніх дакладах УВКПЧ (Упраўленні Вярхоўнага камісара па правах чалавека). Да правапарушэнняў адносяцца адвольнае пазбаўленне права на жыццё, адвольнае затрыманне, гвалтоўнае знікненне, катаванні і іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага і прыніжаючага годнасць абыходжання або пакаранняў – у тым ліку сэксуальны і гендарна-абумоўлены гвалт, адмова ў праве на належную прававую працэдуру і справядлівае разбіральніцтва, незаконнае ўмяшанне ў сямейнае жыццё і няздольнасць забяспечыць найлепшыя інтарэсы дзіцяці, парушэнні права на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцыі і на забарону дыскрымінацыі, у прыватнасці на падставе рэальных ці меркаваных палітычных поглядаў.
УВКПЧ зноў пацвердзіла, што некаторыя з парушэнняў могуць быць прыраўняныя да злачынстваў супраць чалавечнасці, бо здзяйсняюцца ў рамках усвядомленага шырокамаштабнага ці сістэматычнага нападу на любых грамадзянскіх асобаў.
Вярхоўны камісар па правах чалавека заклікаў неадкладна вызваліць палітычных зняволеных, забяспечыўшы права на эфектыўныя сродкі прававой абароны і адэкватную кампенсацыю ўрону, і спыніць усе іншыя парушэнні правоў чалавека, якія працягваюцца. Ён таксама заклікаў краіны – члены ААН працаваць над прыцягненнем да адказнасці вінаватых у злачынствах рэжыму ў рамках універсальнай юрысдыкцыі, а таксама садзейнічаць міжнароднай абароне ўцекачоў з Беларусі.
У межах інтэрактыўнага дыялогу прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі таксама маглі выказаць меркаванне наконт дакладу. Набор іх аргументаў не змяніўся: палітычных зняволеных няма, Савет па правах чалавека ААН умешваецца ва ўнутраныя справы краіны і палітычна ангажаваны, уведзеныя ў дачыненні да рэжыму санкцыі перашкаджаюць развіццю краіны. Паўтарылі ім дэлегацыі такіх краін, як Сірыя, Зімбабвэ, Расійская Федэрацыя і іншыя, якіх было не так багата.
Разам з тым дэлегацыі Еўрапейскага саюза, еўрапейскіх краінаў, ЗША, Брытаніі, Украіны і іншых дзяржаваў падтрымалі высновы даклада, выказалі салідарнасць з палітычнымі вязнямі і заклікалі да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і рэабілітацыі. Таксама неаднаразова падкрэслівалася недапушчальнасць палітычна матываванага пераследу дзяцей з боку рэжыму Лукашэнкі. У Дакладзе пазначана: з 1 траўня 2020 года па палітычна матываваных прысудах асуджана не менш за 55 дзяцей, некаторыя з іх – на розныя тэрміны рэальнага пазбаўлення волі. На 31 снежня 10 з іх утрымліваюцца пад вартай.
Стаўленне да сітуацыі з правамі чалавека таксама акрэслілі міжнародныя няўрадавыя арганізацыі. Яны выказалі надзею, што праца па дакументаванні сістэмных і масавых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, а таксама па прыцягненні да адказнасці вінаватых асобаў будзе працягнутая ў рамках мандатаў спецыяльных механізмаў Рады па правах чалавека ААН і Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН.
Заўтра ў Жэневе пройдзе сайд-івэнт, прысвечаны сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У мерапрыемстве прыме ўдзел Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр, а таксама прадстаўнікі беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацыяў.