Сёння ў Страсбургу адбылася спецыяльная пленарная сесія Еўрапарламента, прысвечаная Міжнароднаму дню жанчын, дзе Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай перад каля 700 парламентарыямі. Сярод запрошаных выступоўцаў – беларуская актывістка і былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, а таксама прадстаўніцы Украіны – журналістка Ленія Умерава і валанцёрка Тата Кеплер.
Сваю прамову Святлана Ціханоўская прысвяціла ролі жанчын у змаганні за дэмакратыю і свабоду, падкрэсліўшы гераізм жанчын, якія супрацьстаяць рэпрэсіям і вайне.
«Сёння многія беларускія жанчыны атрымліваюць не кветкі, а турэмныя тэрміны. Яны не шпацыруюць на парадах, а ідуць у залы суда. Яны не могуць цешыцца раскошай міру і дэмакратыі – за іх даводзіцца змагацца. І мы змагаемся.
Мы змагаемся за тое, каб не апынуцца ў цені рэваншысцкай Расійскай імперыі, якая імкнецца зняволіць нашыя народы і сцерці нашую мову, нашую культуру, нашую самабытнасць.
Мы змагаемся за нашых палітвязняў – больш за 1200 чалавек за кратамі, з якіх 155 жанчын. Ізаляваных. Закатаваных. Пазбаўленых медычнай дапамогі. Але яны не здаюцца.
Мы змагаемся за справядлівасць. Каб кожны вінаваты ў рэпрэсіях, катаваннях і вайсковых злачынствах быў прыцягнуты да адказнасці. Таму што адкладзенае правасуддзе – гэта адмова ад правасуддзя.
Мы змагаемся за еўрапейскія каштоўнасці – свабоду, бяспеку і дабрабыт.
Мы змагаемся за Украіну, таму што нашы лёсы пераплеценыя. Без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі. І без вольнай Беларусі не будзе трывалага міру ў Еўропе.
Мы змагаемся супраць ілюзіяў. Пуцін і Лукашэнка не хочуць міру – яны хочуць падпарадкавання. Трывалы мір павінен грунтавацца на павазе, аднак Пуцін гэтага не прадэманстраваў».