З нагоды 100 год з дня народзінаў Васіля Быкава Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў:
«Дарагія сябры,
Сёння мы адзначаем 100 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава. Пісьменніка. Мысляра. Але перш за ўсё – беларуса.
У лёсе і творчасці Быкава адбіваецца лёс нашага народа. Гэта і гераічныя паўстанні беларусаў за свабоду. Гэта і калектывізацыя, і Чарнобыль.
Гэта і другая сусветная вайна, якую ён шчыра апісаў у сваіх ужо класічных творах, якія мы з вамі чыталі яшчэ ў школе. Сёння, калі Расія вядзе вайну супраць блізкай нам Украіны, мы як ніколі разумеем боль і глыбіню быкаўскіх твораў.
Лёс Быкава – гэта змаганне за нацыянальнае адраджэнне. Разам з Алесем Адамовічам Быкаў першым узняў голас супраць міліцэйскага гвалту ў кастрычніку 1988-га.
Лёс Быкава – гэта барацьба за права казаць і пісаць праўду. Наперакор ідэалагічным устаноўкам.
Гэта пераслед за ягоныя дысідэнцкія погляды. Паспытаў Васіль Уладзіміравіч і вымушанай эміграцыі – лёсу, які віною ўсё таго ж рэжыму напаткаў многіх беларусаў пасля 2020-га года.
Нават пахаванне Быкава стала спантаннай народнай маніфестацыяй супраць рэжыму, якому замінаў Быкаў, з ягонай бясстрашнай шчырасцю і сапраўднай любоўю да Беларусі.
І тое, што рэжым фактычна праігнараваў 100-гадовы юбілей Быкава, сведчыць пра антынародны характар гэтай улады. Нават выставу малюнкаў Быкава прыбралі задоўга да юбілею! Што казаць пра ягонае Слова, якое мусіць быць для ўладаў яшчэ больш небяспечным!
Наш Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі назваў Васіля Быкава апосталам Беларусі. І хаця сам Васіль Уладзіміравіч Нобелеўскай прэміі не дачакаўся, ён яшчэ пры жыцці дасягнуў найвялікшага прызнання: даверу і ўдзячнасці сваіх чытачоў у Беларусі і па ўсім свеце.
Часам Быкава вінавацілі ў песімізме. Сапраўды, ён ніколі не прыхарошваў рэчаіснасці, заўсёды глядзеў у твар праўдзе. Але пры гэтым верыў у беларускіх людзей. У сваіх чытачоў і нашчадкаў. У нас з вамі.
Святкуючы сёння ягоны стогадовы юбілей, мы ўсе, беларусы, ганарымся адным з самых выбітных сыноў нашага народа. Народа чуллівага, шчырага, смелага, свабодалюбівага і геніяльнага, як сам ягоны апостал.
Жыве Быкаў! – у сваіх кнігах і сваіх чытачах.
Жыве Беларусь! У нас з вамі.»