Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова пракаментавала інфармацыю «Кіберпартызанаў» пра татальныя «чысткі» ў БДУ.
«Яшчэ нядаўна Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт заслужана называлі «флагманам беларускай навукі». Аднак, як паказала расследаванне, пасля выбараў 2020-га ўніверсітэт «эвалюцыянаваў» – і ператварыўся ў перадавіка рэпрэсіўнага рэжыму. Пад кіраўніцтвам рэктара і пры садзейнічанні ўнутрыўніверсітэцкіх памагатых ВНУ хутка асвоіў, а пасля пусціў у справу самыя разнастайныя практыкі пераследу і ціску на студэнтаў з выкладчыкамі – ад даносаў і «гутарак» да адлічэнняў і звальненняў па палітычных прычынах. БДУ была першай ВНУ, у сценах якой было запісана «пакаяльнае відэа» з навучэнцам – так універсітэт паказаў прыклад новай «выхаваўчай нормы».
Але што асабліва важнае ў праведзеным расследаванні? Яно дакладна паказала, што ў сённяшняй Беларусі ўніверсітэты – гэта неад’емная частка рэпрэсіўнай сістэмы. Супрацоўнік КДБ на пасадзе прарэктара па бяспецы і кадрах, сістэматычны збор інфармацыі пра студэнтаў і супрацоўнікаў, пагрозы і падтрымка даносчыкаў, рэгулярныя справаздачы «прынятых мерах» і статыстыка палітычных «чыстак» – усё гэта элементы неататалітарнай рэпрэсіўнай машыны. Беларускія ВНУ і да 2020 года сутыкаліся з сур’ёзнымі праблемамі з акадэмічнай аўтаноміяй. Аднак тое, што адбываецца сёння, не толькі перакрэслівае каштоўнасці акадэмічнай свабоды, але парушае базавыя правы чалавека. Гэта проста несумяшчальна з прынцыпам аб’ектыўнасці ў выкладанні і даследаваннях.
Расследаванне дакладна падсвятліла: рэжым Лукашэнкі трымаецца не толькі на сілавіках і «ручной» судовай сістэме, але ў пэўнай ступені і на акадэмічнай публіцы. Рэпрэсіўная сістэма, якая склалася ў БДУ, працуе дзякуючы ініцыятыве і стараннасці канкрэтных асоб. «Рэктар, які даносіць на сваіх студэнтаў», – так зараз выглядае візітная картка вядучай ВНУ краіны».