Святлана Ціханоўская правяла прэс-брыфінг па выніках сустрэчаў з міністрамі замежных справаў краінаў Паўночнай рады ў Рэйк’явіку:
«Паважаныя міністры, паважаныя журналісты,
Я ўпэўненая, што тут знаходжуся сярод сяброў – сяброў, якія таксама бачаць Еўропу адзінай, дэмакратычнай і мірнай.
Хаця адсюль да Беларусі 3,000 кіламетраў, тут я адчуваю сябе як дома. Дзякуй, Тордзіс, за вашую прыязнасць і гасціннасць. Можа, Ісландыя краіна і невялікая, але з вялікім сэрцам.
Жадаю звярнуцца да ўсіх нашых паўночных сяброў і сказаць: дзякуй вам. Ісландыя, Швецыя, Нарвегія, Фінляндыя, Данія – вашыя салідарнасць, спачуванне і смеласць уражваюць. А смеласць – гэта менавіта тое, што патрэбна свету сёння. Вы падтрымлівалі Беларусь і Украіну не толькі на словах, але і на справе.
На працягу многіх гадоў вы падтрымлівалі беларусаў у нашым імкненні да свабоды. Вы падтрымлівалі незалежныя СМІ, студэнтаў, культурніцкія ініцыятывы і праваабаронцаў. Таго абуджэння нацыянальнай самасвядомасці, за якой мы назіралі з 2020 года, без вас не здарылася б.
Сёння я хачу падзякаваць Даніі і Ісландыі за далучэнне да Міжнароднага гуманітарнага фонду. З улікам узносаў, якія раней ужо зрабілі Швецыя і Нарвегія, нам ужо ўдалося сабраць больш за 2 мільёна еўра. Тысячы людзей знаходзяцца ў турмах, і многія тысячы ўжо прайшлі праз гэтае пекла і маюць патрэбу ў неадкладнай падтрымцы. Вашая салідарнасць прынясе так неабходнае палягчэнне сотням сем’яў.
Я таксама вітаю вашае рашэнне прызначыць спецыяльных прадстаўнікоў для працы з дэмакратычнай Беларуссю. Мы жывём у няпростыя часы, і ў такія часы простых рашэнняў нядосыць. Дзякуй, што вы не ўраўноўваеце беларускі народ з нелегітымным рэжымам. Гэты рэжым захапіў нашую краіну, уцягнуў нас у вайну і прадае беларускі суверэнітэт Пуціну.
Мы не павінны дазволіць яму гэта зрабіць. Беларусь нельга аддаць Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза. Наш народ заслугоўвае мірнай і дэмакратычнай будучыні ў еўрапейскай сям’і. Я спадзяюся, што аднойчы Беларусь стане такой жа квітнеючай, паспяховай і свабоднай, як і вашыя краіны. Вы – прыклад для пераймання, і мы можам шмат чаму ў вас павучыцца.
Сёння, я веру, мы пачынаем новы раздзел у адносінах паміж краінамі Паўночнай Еўропы і Беларуссю. Мы будзем сумесна працаваць па многіх напрамках і такім чынам наблізім перамены ў Беларусі і інтэгруем яе ў еўрапейскую супольнасць.
- Разам мы будзем падтрымліваць рэпрэсаваных і дамагацца вызвалення палітычных зняволеных, якіх утрымлівае ў зняволенні злачынны рэжым у Мінску.
- Разам мы будзем умацоўваць беларускую грамадзянскую супольнасць, незалежныя СМІ, праваабаронцаў, актывістаў і актывістак у выгнанні. Немагчыма пабудаваць дэмакратыю без моцнай грамадзянскай супольнасці і свабодных СМІ.
- Разам мы будзем абараняць беларускую культуру, мову і нацыянальную ідэнтычнасць, бо яны падвяргаюцца нападам з боку Расіі.
- Разам мы будзем прыцягваць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за ягоныя злачынствы супраць беларускага народа і Украіны. Сёння я папрасіла міністраў падтрымаць зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд і працягнуць падтрымку працуючай у Даніі Міжнароднай платформы па прыцягненні да адказнасці для Беларусі, якая збірае доказы злачынстваў рэжыму.
- І разам мы працягнем падтрымліваць Украіну. Лёсы Беларусі і Украіны ўзаемазвязаныя. Без свабоднай Украіны Беларусь таксама не стане свабоднай, а калі Беларусь не стане свабоднай, у Еўропе не наступіць устойлівага міру.
Наш план – стварыць шырокую міжнародную кааліцыю, у якую ўвойдуць краіны Паўночнай Еўропы, краіны Балтыі, Польшча і іншыя краіны, якія падтрымліваюць дэмакратычную Беларусь. Гэта паслала б магутны сігнал беларусам: вы не адныя ў сваёй барацьбе.
Паўночныя краіны некалі паказвалі прыклад іншым краінам, падтрымліваючы краіны Балтыі на іх шляху да свабоды. Я радая, што сёння вы падтрымліваеце на тым самым шляху нас.
Дзякуй!»