Асабістая памочніца Святланы Ціханоўскай Стася Гліннік дала вялікае інтэрв’ю, дзе ў тым ліку расказала пра тыя бакі нацыянальнай лідаркі, якія, напэўна, не ведае шырокая публіка. Прыводзім самыя яркія цытаты з матэрыялу.
📌«Святлана праз сябе прапускае ўсе гісторыі і асабіста чытае ўсё, што ёй пішуць беларусы».
📌«Я толькі зараз усвядоміла, чаму Святлана Ціханоўская сапраўды мае права называцца нацыянальным лідарам і абраным прэзідэнтам. Ну, зразумела, чаму абраным прэзідэнтам, але чаму нацыянальным лідарам – гэта я разумею толькі цяпер. Таму што такога прыкладу стойкасці, усвядомленасці сваіх дзеянняў і жадання працягваць я ўвогуле ні ў кім не бачу».
📌 «Так, яна бывае строгай, але заўсёды па справе. Яна патрабавальная, аднак адзінае яе патрабаванне – каб людзі выконвалі тыя абавязкі, якія на сябе бяруць. Яна добры менеджар».
📌 «Святлана магла б да гэтага этапу сказаць: «Хлопцы, я зрабіла ўсё, што магла. Што вы ад мяне яшчэ хочаце? Адчапіцеся, я хачу займацца сваімі дзецьмі. Я паспрабавала, давайце неяк далей самі». Але яна нясе гэтую адказнасць. Прычым вельмі таленавіта».
📌 «Усюды так лёгка кідаюць фразу, што Святлана дзесяць гадоў была хатняй гаспадыняй. Яна дзесяць гадоў гадавала дваіх дзяцей, у аднаго з якіх асаблівасці. Гэта кругласутачная праца і ворыва. Я часам думаю, што гэтыя дзесяць гадоў былі падрыхтоўкай да таго, з чым яна сутыкнулася зараз. Я больш за ўсё раздражняюся, калі пачынаюцца вось гэтыя ўсе гісторыі пра катлеты, пра хатнюю гаспадыню. Гэтыя выказванні абясцэньваюць увогуле ролю жанчыны ў якіх-небудзь працэсах, з чым, я спадзяюся, мы ў будучай Беларусі будзем спраўляцца. Нават калі жанчына выбірае быць хатняй гаспадыняй, то ў новай Беларусі гэта не будзе ганьбавацца грамадствам».
Прачытаць інтэрв’ю Стасі Гліннік цалкам можна па спасылцы.