Падчас візіту ў Гаагу Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Нідэрландаў Каспарам Вельдкампам. Беларуская лідарка падзякавала міністру і ўраду краіны за прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і сталую падтрымку Беларусі.
Што палітыкі абмеркавалі падчас сустрэчы:
– непрызнанне вынікаў так званых «выбараў» 26 студзеня;
– спосабы вызвалення беларускіх палітвязняў;
– сітуацыю з незаконным утрыманнем зняволеных і прымяненнем катаванняў;
– праблемы легалізацыі беларусаў у Нідэрландах;
– пашырэнне санкцыяў супраць суддзяў, пракурораў, кіраўнікоў калоніяў і прадстаўнікоў сілавых структураў, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях супраць беларусаў;
– падтрымку міжнародных ініцыятываў па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці ў судах;
– магчымыя перамовы па Украіне і ролі Беларусі ў іх;
– арганізацыю дыскусіі па Беларусі падчас саміту NATO.
Лідарка акцэнтавала ўвагу на неабходнасці падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя. Святлана Ціханоўская адзначыла важнасць такіх інструментаў фінансавання як MATRA і Human Rights Fund і падкрэсліла: гэта не дабрачыннасць, а інвестыцыя ў бяспеку і стабільнасць Еўропы.
Святлана Ціханоўская: «Радая, што Нідэрланды займаюць прынцыповую пазіцыю па Беларусі і гатовыя дапамагаць беларусам. Важна, што ўрад у сваёй палітыцы адрознівае рэжым і беларусаў, а таксама Беларусь і Расію. Нельга класці нас у адзін кошык. Нідэрланды не прызнаюць «выбары» 26 студзеня, працягнуць падтрымку нашых журналістаў і грамадзянскай супольнасці, а таксама забяспечаць, каб пытанне Беларусі засталося на парадку дня Еўрасаюза».