Сёння ў Варшаве Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з камандай Цэнтра беларускай салідарнасці (ЦБС). У размове ўдзельнічалі члены праўлення ЦБС — Хэлена Нядзьвецка і Вольга Дабравольская. Вольга таксама з’яўляецца кіраўніцай дэпартамента прававой дапамогі.
На сустрэчы абмеркавалі ролю прававога напрамку ў падтрымцы рэпрэсаваных беларусаў і тых, хто выходзіць з турмаў і вымушаны пакідаць Беларусь. Да таго ж, гаварылі пра практыку юрыдычнага суправаджэння, легалізацыю, міжнародную абарону і тое, як на самой справе выглядае інтэграцыя ў Польшчы ў штодзённым жыцці.
Важнай часткай размовы стала фіксацыя ключавых праблемаў, з якімі сутыкаюцца былыя палітвязні пры пераездзе:
– цяжкасці са статусам і дакументамі;
– доступ да медычнай, сацыяльнай і псіхалагічнай дапамогі;
– адаптацыя пасля зняволення.
Святлана Ціханоўская:
«Цэнтр беларускай салідарнасці ўжо столькі гадоў побач з беларусамі ў Польшчы — дапамагае з легалізацыяй, абаронай і простымі, але жыццёва важнымі пытаннямі, калі чалавек натуральна застаецца без зямлі пад нагамі. Падчас сустрэчы мы абмеркавалі тое, што найбольш патрабуе сістэмных рашэнняў, і як наладзіць супрацоўніцтва дзеля яшчэ больш паслядоўнай падтрымкі былых палітвязняў і рэпрэсаваных беларусаў у Польшчы. Я вельмі ўдзячная камандзе ЦБС за гэтую штодзённую працу цягам гэтых гадоў».
