Святлана Ціханоўская наведала беларускую прастору «Кропка» – месца, вядомае вырабам унікальных сувеніраў, якія неразрыўна звязаныя з нашай краінай. Ствараюць прыгажосць амаль паўсотні беларускіх таленавітых майстроў. Прастору, што месціцца ў Вільні, адкрылі былы палітвязень Зміцер Фурманаў і яго жонка Вольга.
Падчас сустрэчы беларуская лідарка пазнаёмілася з працамі, даведалася пра асаблівасці вырабніцтва сувеніраў і сэнсы, якія ўкладаюцца ў экспанаты крамы. Асобнай часткай візіту стала размова з уладальнікамі прасторы і гасцямі «Кропкі».
Святлана Ціханоўская: «Я вельмі радая бачыць, як беларусы і беларускі ствараюць адукацыйныя праграмы ды творчыя прасторы, адкрываюць крамы нацыянальных вырабаў, ладзяць імпрэзы. Нават пасля выпрабаванняў, што выпалі на іх долю – зняволенне, эміграцыю, неабходнасць пачынаць жыццё наноў – яны не апускаюць рук, а працягваюць працаваць. І гэта праца – у тым ліку клопат пра захаванне нашай культуры і гісторыі.
Я хачу падзякаваць кожнаму майстру і майстрыцы – вы захавалі кавалачак Беларусі ў сваёй душы, і зараз укладаеце гэтую душу ў свае вырабы».