• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская сустрэлася з амбасадаркамі ЗША пры ААН і Радзе па правах чалавека

    28 лютага, 2024

    Падчас працоўнай паездкі ў Жэневу беларуская лідарка сустрэлася з амбасадарамі Батшэбай Нэл Крокер і Мішэль Тэйлар, якія прадстаўляюць ЗША ў міжнародных арганізацыях пры ААН.

    Святлана Ціханоўская абмеркавала з дыпламаткамі жахлівыя ўмовы ў беларускіх турмах і крытычную сітуацыю з палітвязнямі ў краіне, а таксама распавяла пра апошнія смерці за кратамі. Лідарка падкрэсліла, што неабходна шукаць спосабы, каб звярнуць увагу міжнароднай супольнасці да гуманітарнага крызісу ў Беларусі.

    Таксама бакі абмеркавалі шляхі выканання рашэння Камітэта па правах чалавека ААН аб тэрміновых захадах у дачыненні да Максіма Знака, Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага. Лідарка адзначыла: гэтае рашэнне дае права ўрадам патрабаваць доступ да палітвязняў, якіх трымаюць інкамунікада.

    Асобна Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу дыпламатак на неабходнасць рашучых дзеянняў у дачыненні да палітвязняў ад Офіса вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН. Лідарка адзначыла, што варта патрабаваць доступ да турмаў, медычную дапамогу, і шукаць шляхі па іх вызваленні праз міжнародныя арганізацыі.

    Акрамя таго, Святлана Ціханоўская абмеркавала выкананне рэзалюцыі Міжнароднай арганізацыі працы (ILO) і 33 артыкулу, які быў прыняты ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ў мінулым годзе. Лідарка падкрэсліла: урадам неабходна прымяніць меры згодна з рэзалюцыяй і ўзняць пытанне Беларусі падчас сесіі МАП. Таксама прагучала прапанова правесці сайд-івэнт па Беларусі.

    У межах Рады па правах чалавека беларуская лідарка заклікала дыпламатак падтрымаць рэзалюцыю па Беларусі, якая павінна быць прынятая ў сакавіку. Таксама Ціханоўская адзначыла, што трэба працягнуць два мандаты па Беларусі – экспертнай групы пры ААН, якая будзе займацца зборам доказаў злачынстваў рэжыму, і спецдакладчыка па Беларусі.

    Святлана Ціханоўская таксама надала ўвагу важнасці прыцягнення рэжыму і яго памагатых да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе. Лідарка перадала дакументы і доказы, сабраныя НАУ, якія сведчаць аб здзейсненых злачынствах, а менавіта аб вывазе ўкраінскіх дзяцей і злачынствах супраць чалавечнасці.

    Важнай тэмай размовы таксама стала легалізацыя беларусаў за мяжой і магчымыя дзеянні па Беларусі ў Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. У прыватнасці, бакі абмеркавалі спосабы сістэмнага вырашэння праблемы легалізацыі, пратэрмінаваных пашпартоў і выдачы пасведчанняў аб нараджэнні. Асобна Святлана Ціханоўская распавяла пра праект новага беларускага пашпарту. 

    З Мішэль Тэйлар

    З Батшэбай Нэл Крокер

    Апошнія навіны