«Я ўважліва сачыла за тым, як праходзілі выбары ў Польшчы, і шчыра захаплялася. Нашыя суседзі зладзілі празрысты палітычны працэс, дзе кожны голас меў вагу, дзе ўлічваліся меркаванні кожнага чалавека, дзе медыя свабодна асвятлялі не толькі вырашальны дзень барацьбы паміж Каралем Наўроцкім і Рафалам Тшаскоўскім, але і ўвесь электаральны перыяд.
Менавіта такія выбары — гэта тое, за што мы адвакатуем. Тое, што мы бачым асновай для дэмакратычнай Беларусі. Польшча паказала прыклад, як павінна насамрэч працаваць выбарчая сістэма: разнастайныя кандыдаты ў першым туры, дзе кожная катэгорыя грамадзянаў мае свайго прадстаўніка і свой голас, які не перапыняюць, адкрытыя дэбаты, сумленная палітычная канкурэнцыя. Тут лічаць галасы да апошняй сотай працэнта і не баяцца змены ўлады, нават калі спаборнічаюць палітычныя апаненты з прынцыпова рознымі поглядамі.
Гэтыя выбары паказалі рэкордную яўку для Польшчы — людзі ведалі, што іх голас не скрадуць, не падробяць, не выкінуць у сметніцу. Таму больш за 70 адсоткаў палякаў узялі ўдзел у гэтым важным працэсе і ўсталявалі рэкорд яўкі ў суверэннай гісторыі. Але няма сумневаў: на першых сапраўды дэмакратычных выбарах прэзідэнта ў Беларусі гэты адсотак будзе яшчэ вышэйшы.
Мае шчырыя віншаванні Каралю Наўроцкаму! Я ўпэўненая, што разам з абраным прэзідэнтам Польшчы мы пабудуем такія ж моцныя і плённыя адносіны. Польшча заўсёды разумела нас, падтрымлівала ў цяжкія часы — і я спадзяюся, што мы гэтае партнёрства ўмацуем».