Некалькі гадоў таму ў Беларусі з’явілася новае свята – Дзень бацькі. Ён задумваўся як светлая і добрая падзея, якая заклікае ўмацоўваць сямейныя традыцыі.
Але, на жаль, Лукашэнка прызвычаіўся ствараць толькі ілюзію клопату пра беларусаў. І таму сёння на праўладных тэлеканалах не скажуць ні слова пра бацькоў, якіх рэжым забраў у сем’яў. Не згадаюць Аляксандра Зялюткіна, чыя жонка вымушаная ў адзіночку гадаваць шасцярых дзяцей. У навінах пабаяцца расказаць пра тое, як утрымліваюць Змітра Дашкевіча ў карцары, пакуль яго маленькі сын расце без таты. І прамаўчаць пра тое, чаму Павел Красуцкі не змог быць побач з жонкай пры нараджэнні дзіцяці.
Рэжым забраў бацьку і ў маіх дзяцей. Ён пазбавіў нас важных момантаў, якія нельга вярнуць. Я ведаю, што больш за ўсё Сяргей хацеў бы быць побач з Карнеем і Агніяй – падтрымліваць іх новыя захапленні, спраўляцца з хатнімі заданнямі і планаваць будучыню. Сяргей і цяпер застаецца прыкладам для дзяцей – сумленным, мужным і клапатлівым.
Дарагія таты! Кожны дзень вы робіце ўсё магчымае, а часам і немагчымае, каб акружыць блізкіх цеплынёй і клопатам.
Са святам!