«Сёння я хачу ўшанаваць памяць чалавека, які пакінуў глыбокі след у нашай гісторыі. Першы кіраўнік незалежнай Беларусі, навуковец, палітык – ён стварыў падмурак незалежнасці нашай Радзімы і ўсе жыццё працаваў, каб ператварыць Беларусь у свабодную і дэмакратычную краіну.
Станіслаў Шушкевіч актыўна ўдзельнічаў у ключавых падзеях, што вызначылі будучыню нашай краіны. Менавіта дзякуючы яго працы і прынцыповасці, Беларусь у 1991 годзе зрабіла выбар на карысць незалежнасці. Ён заўсёды ставіў інтарэсы краіны і народа вышэй за ўласныя – і да апошніх дзён жыцця змагаўся, каб Беларусь рухалася дэмакратычным шляхам. Для Шушкевіча было крытычна важна захаваць для рэспублікі яе непаўторную культуру, гісторыю і спыніць бясконцы ціск русіфікацыі. Яго дзейнасць на карысць вольнай будучыні беларускага народа была двойчы адзначаная намінацыяй на Нобелеўскую прэмію міру.
Бачанне Шушкевічам Беларусі як еўрапейскай краіны, якая жыве паводле дэмакратычных каштоўнасцяў, натхняе нас і сёння. У часы, калі беларусы сутыкаюцца з рэпрэсіямі і супрацьстаяць знішчэнню нашай нацыянальнай самасвядомасці, дзейнасць Станіслава Шушкевіча служыць напамінам: барацьба за свабоду і незалежнасць ніколі не бывае марнай. Ён паказаў, што нават у самых цяжкіх умовах можна дзейнічаць на карысць краіны.
Спадчына Станіслава Шушкевіча – гэта шлях, якім мы рушым да свабоднай і незалежнай Беларусі. Мы шануем яго памяць і працягваем крочыць да вольнай краіны, пра якую ён заўсёды марыў».