Беларуская лідарка падзякавала беларусам за яднанне ў ліквідацыі наступстваў урагану: «Жудасны ўраган абрынуўся на Беларусь. Шэсць загінулых, з якіх двое – дзеці. Страшнае гора. Мае шчырыя спачуванні сем’ям пацярпелых.
Многія людзі на поўдні Беларусі на доўгі час засталіся без вады і электрычнасці. Ведаю, што гэта датычыцца і Мазыра – цудоўнага горада, дзе мы з Сяргеем правялі некалькі гадоў. Цяжка ўявіць, што раённы цэнтр на 100 тысяч чалавек можа апынуцца ў такіх складаных умовах на тры дні.
Мае думкі зараз з усімі, каго закранула гэтая бяда.
Беларусы добра ведаюць, што такое ўзаемадапамога – ужо неаднойчы мы так спраўляліся са складанасцямі. Вашую салідарнасць бачна і ў гэтай страшнай трагедыі – вы ішлі на паратунак пацярпелым і дапамагалі тым, хто апынуўся ў цэнтры непагадзі. З-за палітыкі рэжыму ёсць нястача сілаў, каб хутка ліквідаваць наступствы. Але я бачу, як вы яднаецеся дагэтуль, каб ратаваць не толькі людзей, але і жывёлаў.
Беларусы ў чарговы раз даказваюць, што ў момант бедства мы мацней за дзяржаўныя інстытуты. Я дзякую ўсім, хто не застаўся ў баку і абыякавым да трагедыі, а працягнуў руку дапамогі ў надзвычайнай сітуацыі.
Дарагія, сіноптыкі прагназуюць, што экстрэмальнае надвор’е будзе панаваць у Беларусі яшчэ колькі дзён. Калі ласка, будзьце асцярожныя: беражыце сябе і сваіх дзетак».