Сістэма вышэйшай адукацыі Беларусі няўхільна дэградуе: пагаршаецца матэрыяльны і фінансавы стан установаў вышэйшай адукацыі, зніжаецца якасны ўзровень прафесарска-выкладчыцкага складу і кіраўніцкіх кадраў, рэжым абмяжоўвае даследчую і творчую ініцыятыву студэнтаў і выкладчыкаў, ускладняе ўкараненне інавацыяў.
Грунтуючыся на статыстычных зборніках і справаздачах Нацыянальнага Статыстычнага Камітэта Беларусі, выніках незалежных даследаванняў і публікацыяў у незалежных СМІ, Офіс Святланы Ціханоўскай сумесна з беларускімі экспертамі падрыхтавалі дакумент «Аналіз бягучай сітуацыі ў сістэме вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь». Поўны тэкст апублікаваны тут.
У сістэме вышэйшай адукацыі ўзнікаюць праблемы па шэрагу ключавых прычынаў:
- нізкі ўзровень акадэмічнай свабоды;
- вертыкальная сістэма кіравання, якая душыць ініцыятыву;
- недастатковае фінансаванне;
- адток высокапрафесійных кадраў;
- міжнародная ізаляцыя.
Сярэдні заробак работнікаў адукацыі зніжаецца больш за 15 гадоў. Адначасова скарачаюцца і выдаткі на вышэйшую адукацыю ў адносінах да ВУП – з канца 2000-х яны ўпалі больш, чым на чвэрць.
Моладзь усё менш хоча атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Беларусі – прэстыж беларускіх ВНУ падае апошнія 10 гадоў. За 2020-2021 год колькасць моладзі ў краіне знізілася на 3-7%. Праз пераслед і рэпрэсіі маладыя людзі сталі актыўна пакідаць краіну па палітычных прычынах.
Усё менш маладых кандыдатаў навук ідуць працаваць у ВНУ – колькасць выкладчыкаў з вучонымі ступенямі расце за кошт старэйшага пакалення. Яны, у сваю чаргу, часта не ведаюць сучаснай навуковай літаратуры, не валодаюць замежнымі мовамі і сучаснымі методыкамі, што прыводзіць да пастаяннага зніжэння якасці падрыхтоўкі студэнтаў.
Якасць падрыхтоўкі зніжаецца з-за нізкага парога ўваходу для тых, хто паступае ў ВНУ. Менавіта гэтую праблему маскіравалі чыноўнікі, калі мянялі правілы падліку балаў цэнтралізаванага тэсціравання ў 2018 годзе, а таксама правілы пераводу балаў, атрыманых на цэнтралізаваным экзамене, у бал атэстата для абітурыентаў 2023 года.
У рэйтынгу па індэксе акадэмічнай свабоды Беларусь знаходзіцца на 5 месцы знізу са 179 краін, уключаных у спіс, – адразу за Туркменістанам. Нашая краіна абышла толькі Эрытрэю, М’янму і Паўночную Карэю.
Новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі 2022 года дазваляе ўладзе ўзмацняць ціск на настаўнікаў, студэнтаў і іх бацькоў. У 2023 годзе ціск і рэпрэсіі ў сферы адукацыі і навукі працягнулі расці.
Рэжым не можа выбудаваць матывавальную сістэму прыцягнення моладзі на прыярытэтныя для краіны спецыяльнасці. Існуюць толькі льготы пры паступленні, якія малаэфектыўныя.
Недахоп спецыялістаў вырашаецца радыкальна: узмацненнем жорсткасці сістэмы прымусовага размеркавання. Плануецца, што размеркаванню будуць падлягаць і студэнты-платнікі, а тэрмін адпрацоўкі павялічыцца.
Рэжым працягвае палітыку русіфікацыі адукацыі. Паводле ацэнкі незалежных даследчыкаў, доля студэнтаў, якія вучацца ў ВНУ па-беларуску, упала больш чым у 20 разоў з 1,9% у 2005/2006 навучальным годзе да 0,08% у 2020/2021 навучальным годзе.