У працоўных паездках Святлана Ціханоўская часта імкнецца камунікаваць з моладдзю. Мы сабралі цікавыя разважанні лідаркі падчас такіх размоваў: пра што яна сама шкадуе ў дачыненні да сваёй маладосці, што б зрабіла інакш і якія парады дала б сабе – 17-гадовай:
📌 «Разважайце крытычна, будзьце актыўнымі наўпрост цяпер, не думайце, што дарослыя ведаюць лепш і што яны будуць рабіць усё за вас. Вы будучыня сваёй краіны, вы тыя, хто нясе за яе адказнасць».
📌 «У вас усіх розныя характары і навыкі, але я хачу, каб вы заўжды памяталі, што лепш быць на добрым баку гісторыі, а не з боку д’ябла. Свет вельмі складаны і магчыма вам прыйдзецца прымаць цяжкія рашэнні, вы можаце быць расчараваныя, але заставайцеся на баку дабра. Заўжды думайце двойчы – глядзіце ўнутр сябе».
📌 «Калі жыццё ставіць вас у такія абставіны, дзе трэба паказаць увесь свой характар, моц і актыўнасць – рабіце! Не спыняйцеся!»
📌 «Якую параду я б дала сябе ў 17 гадоў? Больш цікавіцца сваёй краінай, яе гісторыяй і культурай. Больш цікавіцца палітыкай і тым, што адбываецца ў свеце, а не толькі ў бліжэйшым атачэнні».
📌 «Магчыма я шкадую, што мы не падрыхтавалі свет да нашага паўстання ў 2020 годзе. Шкадую, што Лукашэнку далі магчымасць так моцна замацавацца ва ўладзе і выбудаваць сваю вялікую рэпрэсіўную мілітарысцкую сістэму. Але з іншага боку, ён страціў адчуванне рэчаіснасці, сувязі з народам і цалкам не разумее беларускую нацыю. Я магу пра многае шкадаваць, але важна тое, што я думаю, як умацаваць, палепшыць і выправіць наша становішча зараз».