Падчас афіцыйнага візіту ў Мадрыд Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі Камітэта міжнародных справаў Парламента Іспаніі. Лідарка звярнулася да дэпутатаў з канкрэтнымі прапановамі — на ўзроўнях палітыкі, грамадзянскай супольнасці, гуманітарных рашэнняў — каб палепшыць сітуацыю для беларусаў замежжа.
📌Рэалізуйце сістэму дапамогі і рашэнні для беларусаў без дакументаў.
«Многія сутыкнуліся з праблемамі легалізацыі. Рэжым адмовіўся падаўжаць пашпарты за мяжой, і людзі засталіся без дакументаў. Патрэбна практычнае рашэнне гэтага пытання, напрыклад — выдача пашпартоў замежніка».
📌Адвакатуйце тэму вызвалення палітвязняў на міжнародных пляцоўках.
«Я ўдзячная ўраду Іспаніі за падтрымку Міжнароднага гуманітарнага фонду і арганізацыю візітаў для дзяцей палітвязняў. Але мы можам зрабіць значна больш, таму прашу вас як мага часцей уздымаць тэму беларускіх палітзняволеных на міжнароднай арэне».
📌Не ўраўноўвайце беларусаў і расіянаў.
«Беларусы, у адрозненне ад Расіі, не ўхваляюць вайну і адкрыта пратэстуюць супраць яе з 2022 года і да сёння. Мы — еўрапейская нацыя з еўрапейскай ідэнтычнасцю. Падтрымлівайце нашую пазіцыю, што будучыня Беларусі — у Еўропе. Гэта натхняе наш народ».
📌Развівайце грамадскія сувязі паміж Іспаніяй і Беларуссю
«Мерапрыемствы, абмены, стыпендыі — усё мае значэнне».
📌Не здымайце Беларусь з парадку дня.
«Не легітымізуйце дзеянні дыктатараў, а прыцягвайце іх да адказнасці».
📌Падтрымлівайце дэмакратычныя сілы Беларусі.
«Сітуацыя нестабільная і можа змяніцца нечакана. Наперадзе толькі два шляхі: альбо Беларусь апынецца пад кантролем Расіі, альбо пойдзе па еўрапейскім шляху. І дэмакратычныя сілы прадстаўляюць гэтую еўрапейскую альтэрнатыву для беларускага народа».