Святлана Ціханоўская распачала працоўны візіт у Фінляндыю, дзе далучылася да канферэнцыі «Helsinki+50». У мерапрыемстве, прысвечаным 50-й гадавіне Хельсінкскіх пагадненняў, узялі ўдзел міжнародныя лідары і палітыкі: прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стубб, генеральны сакратар АБСЕ Ферыдун Сынірліаглу, вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Тырк.
Перад прамовай Святлана Ціханоўская выказала спачуванні ахвярам начнога нападу на Украіну і Кіеў:
«Мае глыбокія спачуванні ўсім ахвярам, а таксама сем’ям, якія страцілі блізкіх. Гэты тэрор не можа быць апраўданы. Расія павінна быць спыненая. Мы ўсе на баку Украіны».
Асноўную частку прамовы Ціханоўская прысвяціла прапановам практычных крокаў па пераадоленні палітычнага крызісу ў Беларусі:
– Шляхі вызвалення палітвязняў
«Мы заклікаем АБСЕ больш актыўна займацца пытаннем беларускіх палітвязняў. Рэжым не спыніў злачынстваў ні на дзень. Ён па-ранейшаму помсціць людзям, якія адважыліся стаць на абарону сваіх правоў».
– Прыцягненне рэжыму да адказнасці
«Беспакаранасць недапушчальная. Мы заклікаем урады падтрымаць звароты Літвы ў Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН супраць рэжыму Лукашэнкі».
– Трыбунал як інструмент прыцягнення да адказнасці:
«Мы падтрымліваем стварэнне спецыяльнага міжнароднага трыбунала. Спадзяёмся, што ён стане інструментам для прыцягнення да адказнасці не толькі расійскіх, але і беларускіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў вайсковых злачынствах Расіі».
– Падтрымка Міжнароднага гуманітарнага фонду
«Фонд апякуецца Нарвегіяй, Швецыяй, Эстоніяй, Латвіяй, Даніяй, Люксембургам і Іспаніяй. Ён аказвае прамую дапамогу ахвярам рэпрэсіяў».
Святлана Ціханоўская:
«50 гадоў таму ў Хельсінкі свет пагадзіўся, што межы недатыкальныя, а правы чалавека не падлягаюць абмеркаванню. Але Лукашэнка парушыў і тое, і іншае. І калі не будзе пакарання за злачынствы супраць уласнага народа і за саўдзел у агрэсіі, то ўсё, пра што мы тут гаворым, рызыкуе застацца пустымі словамі».