Белстат апублікаваў новую статыстыку колькасці дзіцячых садкоў, школаў, ВНУ, вучняў і педагогаў. Згодна з абноўленымі дадзенымі, дзіцячых садкоў з 2020 года стала менш на 146, школаў — на 192.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі Павел Церашковіч прааналізаваў, што могуць азначаць гэтыя лічбы для беларусаў:
«Публікацыя статыстычных звестак — цяжкое выпрабаванне для любой афіцыйнай установы ў Рэспубліцы Беларусь. Статыстыка адукацыі не выключэнне.
На першы погляд там усё добра. Напрыклад, колькасць школьнікаў расце — на 41,7 тыс. за пяць апошніх гадоў, колькасць школ скарачаецца (на 192). Нібыта аб’ектыўны працэс мадэрнізацыі — закрываюць старыя, адкрываюць сучасныя.
Колькасць студэнтаў скарацілася, але не так значна — за пяць гадоў на 25 тыс. Можна спісаць на дэмаграфічныя праблемы. І тым жа самым патлумачыць скарачэнне колькасці ўніверсітэцкіх выкладчыкаў. Пытанне толькі ў тым, чаму менавіта ў 2021–2022 гг. колькасць іх абвалілася адразу на 8%, то бок 1550 чалавек. У адным толькі Мінску — на 900!
І як, з такога пункту гледжання патлумачыць скарачэнне колькасці настаўнікаў: за 5 гадоў на 13,2 тыс., у той час, як колькасць вучняў расце?
Яшчэ вельмі хацелася б пачуць адказ, чаму за апошнія 5 гадоў колькасць навучэнцаў дзіцячых садкоў скарацілася на 103,1 тыс. або 24,3%! 103 тысячы — акурат насельніцтва горада Ліды. Ці сярэдняя колькасць наведвальнікаў дзіцячых садкоў у Мінску. Напрошваецца адказ, што гэта менавіта тыя дзеткі, бацькі якіх палічылі лепшым выйсцем перавезці іх туды, дзе ў дзіцячыя садкі не прыходзяць супрацоўнікі пракуратуры, каб распавесці пра генацыд. Але ці прызнае гэта Міністэрства адукацыі?»
