Беларуская лідарка наведала шэлтар «Хуткай гуманітарнай дапамогі» ў Вільні. Для Святланы Ціханоўскай правялі экскурсію па месцу, дзе жывуць былыя палітвязні і іх сем’і, беларускія актывісты.
Лідарка пазнаёмілася з жыхарамі шэлтару: у шчырай і цёплай размове яны падзяліліся асабістымі гісторыямі свайго пераследу ў Беларусі і пераезду ў Літву.
Галоўнае з сустрэчы:
👉🏻 Агучылі існуючыя праблемы і падзяліліся вопытам іх вырашэння. Каманда Офіса абмянялася кантактамі з жыхарамі шэлтару для супрацоўніцтва.
👉🏻 Абмеркавалі страхі былых палітвязняў звяртацца па дапамогу ў гуманітарныя арганізацыі і патрэбу спраўляцца з гэтым разам, карыстаючыся гарызантальнымі сувязямі.
Святлана Ціханоўская:
«Я вельмі ўдзячная ўсім за цёплую сяброўскую атмасферу. За тое, што падзяліліся сваімі гісторыямі і распавялі пра праблемы. Такія сустрэчы пакідаюць у сэрцы адчуванне шчырай падзякі за тое, як моцна беларусы ўкладаюцца ў дапамогу адно аднаму. Гэты клопат – нашая салідарнасць, дзякуючы якой можна быць упэўненымі: заўсёды ёсць да каго звярнуцца ў цяжкую хвіліну. Што пасля столькіх выпрабаванняў, эміграцыі, складанасцяў – ёсць месца, дзе цябе абдымуць і падтрымаюць».
Служба «Хуткай гуманітарнай дапамогі» разам з актывістамі забяспечвае функцыянаванне і працу шэлтараў для беларускіх уцекачоў у трох краінах і чатырох гарадах свету: Вільня (Літва), Батумі (Грузія), Уроцлаў і Варшава (Польшча).