• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • ІІІ Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету, дзень Беларусі ў Еўрапарламенце, Канферэнцыя Каліноўскага. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 18-24 сакавіка 2024

    25 сакавіка, 2024

    22 сакавіка адбыўся тэракт у Падмаскоўі. Святлана Ціханоўская пракаментавала гэтую падзею і заклікала беларусаў паклапаціцца пра сваю бяспеку, пазбягаць натоўпаў людзей і ўважліва назіраць за тым, што будзе адбывацца на тэрыторыі Беларусі ў бліжэйшы час.

    КАНФЕРЭНЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ І БЕЛАРУСАК СВЕТУ. 23-24 сакавіка прайшла ІІІ Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету, арганізаваная  

    Офісам Святланы Ціханоўскай, Офісам дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы, Аб’яднаным Пераходным Кабінетам і Народнымі амбасадамі. Мерапрыемства сабрала гасцей з 21 краіны свету і больш за 100 ініцыятываў. На адкрыцці Канферэнцыі выступіла Святлана Ціханоўская. У сваёй вітальнай прамове яна падкрэсліла важнасць беларускай супольнасці і адзначыла, што ніхто, акрамя беларусаў, не вырашыць нашыя праблемы. Падчас Канферэнцыі былі праведзеныя 3 панэльныя дыскусіі на якіх выступілі і адказалі на пытанні знакамітыя спікеры і спікеркі.

    Пра вынікі першага дня Канферэнцыі можна даведацца па спасылцы. Вынікі другога дня – тут

    ДЗЕНЬ БЕЛАРУСІ Ў ЕЎРАПАРЛАМЕНЦЕ. 20 сакавіка, з нагоды Дня волі, у Еўрапарламенце прайшоў Дзень Беларусі, які наведала Святлана Ціханоўская. Еўрапарламентарыі і палітыкі ў межах Belarus Freedom Day адкрылі выставу «Я не баюся, няхай яны баяцца», прысвечаную Алесю Бяляцкаму, а таксама пабачылі перформанс Беларускага вольнага тэатра «Постдзяцінства» прысвечаны вымушанай эміграцыі і вайне.

    КАНФЕРЭНЦЫЯ КАЛІНОЎСКАГА. 22 сакавіка ў Вільні, у Сейме Літвы прайшла Канферэнцыя Каліноўскага, у якой узяла ўдзел Святлана Ціханоўская. Падчас свайго выступу яна падкрэсліла, што ў нашым рэгіёне зноў вырашаецца лёс свабоды, дэмакратыі і права народаў на самавызначэнне. Пасля Ціханоўская перадала слова байцам Палка Каліноўскага.

    АСАМБЛЕЯ ЕЎРАНЭСТ. Святлана Ціханоўская выступіла на 11-й сесіі Парламенцкай асамблеі Euronest. У сваёй прамове яна сфакусіравала ўвагу на важнасці еўрапейскай будучыні для Беларусі і прапанавала ўключыць дэмакратычныя сілы ў праграмы Усходняга партнёрства. Падрабязней пра вынікі Асамблеі распавёў дарадца Ціханоўскай па міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.   

    ДЗЕНЬ ВОЛІ 2024. 25 сакавіка адбудзецца святкаванне Дня Волі. Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў спіс мерапрыемстваў, якія адбудуцца па ўсім свеце. Падрабязней – па спасылцы. Пабачыць усе актыўнасці можна на карце на сайце bnr106.info.

    24 сакавіка ў Празе адбыўся марш з нагоды Дня Волі, перад пачаткам якога Святлана Ціханоўская звярнулася да ўдзельнікаў: «Гэта дзень барацьбы не толькі за нашую свабоду, але і за само існаванне Беларусі як дзяржавы. Мы не можам святкаваць Дзень Волі сёння ў Мінску. Таму беларусы выходзяць на акцыі па ўсім свеце, каб нагадаць пра нашую барацьбу і падтрымаць тых, хто знаходзіцца ў засценках рэжыму. І мы будзем выходзіць далей. Пакуль не вернем сабе сваю краіну».

    РАДА ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА. 22 сакавіка адбылася 55-я сесія Рады па правах чалавека ААН, дзе быў прадстаўлены Даклад Вярхоўнага камісара пра правах чалавека. У ім было пацверджана, што некаторыя парушэнні з боку рэжыму могуць з’яўляцца злачынствамі супраць чалавечнасці. 

    Крысціна Рыхтэр, дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях, выступіла на сайд-івэнце, прысвечаным ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, дзе заклікала ціснуць на рэжым Лукашэнкі, каб дамагчыся доступу да палітзняволеных і забяспечыць палітвязням рэалізацыю правоў на медычную і прававую дапамогу.

    ВІЗІТ У БРУСЕЛЬ. 21 сакавіка ў межах візіту ў Брусель, Святлана Ціханоўская выступіла перад «Альянсам лібералаў і дэмакратаў за Еўропу». Падчас прамовы яна падкрэсліла важнасць адзінства і рашучасці супраць тыраніі і дыктатуры, а таксама заклікала падтрымліваць беларусаў праз выдачу візаў і дапамагу з легалізацыяй. Таксама лідарка наведала Офіс Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселю, выступіла на ўручэнні ўзнагародаў Еўрапарламента, сустрэлася з кіраўніком гендырэктарата Еўракамісіі па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства, спікерам Парламента Арменіі.

    БЕЛАРУСЬ-ПОЛЬШЧА. 22 сакавіка Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком Камітэта па замежных справах Сейма Польшчы Паўлам Ковалем. Падчас сустрэчы абмеркавалі падтрымку Польшчай тэлеканала Белсат, незалежных медыя і грамадскіх ініцыятываў, а таксама выдачу польскіх візаў беларусам.

    БРЫФІНГ ДЛЯ ДЫПЛАМАТАЎ. 22 сакавіка Святлана Ціханоўская правяла вялікую сустрэчу з амбасадарамі і дыпламатамі з 16 краінаў. ​​Дэлегацыя пад кіраўніцтвам спецпасланніка ЕС па пытаннях Усходняга партнёрства Дзірка Шубеля наведала Офіс лідаркі ў Вільні. Падчас выступу Ціханоўская заклікала дыпламатаў пашырыць практыку выдачы візаў для беларусаў і спрасціць умовы іх атрымання, адкрываць стыпендыяльныя праграмы і абмены для беларусаў, уключыць Беларусь у праграмы Усходняга партнёрства, а таксама падтрымаць праект новага беларускага пашпарту.

    ВІЗІТЫ Ў ЛОНДАН І РЫМ. Дарадца Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі распавёў пра адметнасці візітаў у Лондан і Рым: як каманда Офіса рэалізуе дамоўленасці, што дасягаюцца падчас візітаў Святланы Ціханоўскай. 

    ПОЛК КАЛІНОЎСКАГА. Полк Каліноўскага скончыў збор на FVP-дроны, арганізаваны пры інфармацыйнай падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай. Дзякуй усім, хто далучыўся! Падтрымаць нашых ваяроў можна таксама па спасылцы. Калі ласка, паклапаціцеся пра сваю бяспеку і не данацце з Беларусі, альбо з беларускіх картак.

    МОЛАДЗЕВАЯ ПАЛІТЫКА. Дарадца Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава дала інтэрв’ю Еўрарадыё. У ім яна распавяла, як змяніўся партрэт беларускай моладзі за апошнія некалькі гадоў, адзначыла наступствы ўплыву прапаганды на супольнасць і акрэсліла, якое раздзяленне паміж моладдзю існуе сёння ў Беларусі.

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Globe and Mail (Канада), The Times (Вялікабрытанія), Wirtualna Polska (Польшча), Associated Press (Міжнароднае), Merkur (Германія).

    Апошнія навіны