«Спадарыні і спадары,
Дазвольце мне падзякаваць нашым украінскім сябрам за запрашэнне мяне, як прадстаўніцы дэмакратычнай Беларусі, абмеркаваць будучыню бяспекі нашага рэгіёну. Мы павінны забяспечыць, каб голас беларусаў у справе захавання нашых нацыянальных інтарэсаў быў пачуты – для больш эфектыўнай барацьбы з дыктатарамі і падрыхтоўкі да пасляваеннага ўрэгулявання.
Са снежня мінулага года, калі я ўпершыню выступала тут, палітычная сітуацыя ў Беларусі, мякка кажучы, не палепшылася. Рэжым працягвае рэпрэсіі і застаецца фактарам нестабільнасці і пагрозай для ўсяго рэгіёна. Не кажучы ўжо пра зрэжысаваны міграцыйны крызіс, які па-ранейшаму кідае выклік Еўрапейскаму Саюзу.
Адкрытае ўмяшанне Масквы з'яўляецца краевугольным каменем кіравання Лукашэнкі. Гвалт, рэпрэсіі, варожыя і безразважныя дзеянні рэжыму магчымыя толькі пры падтрымцы Масквы. Крэмль выкарыстоўвае Лукашэнку як расійскі інструмент распальвання вайны для дэстабілізацыі Еўропы. Без яго рэжым не пражыў бы і дня.
З 2020 года, калі Лукашэнка прайграў выбары, Крэмль выкарыстоўвае ягоную нелегітымнасць для падрыву суверэнітэту Беларусі. Так званы «працэс інтэграцыі» – ці, кажучы прама, продаж краіны за асабістую ўладу – паскорыўся.
Каб прывесці Беларусь пад поўны кантроль, Крэмль навязаў Лукашэнку так званыя «28 інтэграцыйных картаў». Дыктатары прынялі новую сумесную ваенную дактрыну, а ваенная групоўка цяпер дапускае шырокую расійскую ваенную прысутнасць у Беларусі. Мы бачым поўную здачу беларускай інфармацыйнай прасторы Расіі і мэтанакіраваную палітыку па знішчэнні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.
Рэжым Лукашэнкі застаецца ключавым саюзнікам Расіі ў злачыннай вайне супраць Украіны. Ён забяспечвае Расію зброяй, боепрыпасамі і прамысловымі магутнасцямі. Агрэсіўная рыторыка дыктатара і канцэнтрацыя войскаў на мяжы з Украінай ствараюць напружанасць. Хаця ўварванне з беларускай тэрыторыі цяпер менш верагоднае, усё гэта адцягвае ўкраінскія сілы ад іх галоўнай місіі – разгрому расійскіх захопнікаў.
Сітуацыя яшчэ больш пагаршаецца рашэннем Пуціна пра размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. З 1968 года, калі быў падпісаны Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, гэта будзе першае размяшчэнне такой зброі ядзернай дзяржавай за межамі сваёй тэрыторыі. Учора міністры Пуціна і Лукашэнкі падпісалі дакументы пра размяшчэнне, і гэта пытанне некалькіх тыдняў, калі ядзерная зброя будзе перакінутая ў Беларусь.
Пераважная большасць беларусаў выступае за незалежнасць, супраць вайны і ядзернай зброі ў Беларусі. Але ўзровень рэпрэсіяў, якія падтрымлівае Расія, не дазваляе людзям пратэставаць адкрыта. Пратэстны рух пайшоў у падполле.
Па агульным меркаванні, у Беларусі будзе лепшы шанец скончыць з расійскім умяшаннем тады, калі Украіна пераможа Расію. Але гэта ні ў якім разе не азначае, што мы можам замарудзіцца ў нашай барацьбе. Наадварот, мы павінны падвоіць нашыя намаганні па аказанні дапамогі Украіне.
Разам з нашымі партнёрамі мы ўзмацняем ціск на рэжым, выкарыстоўваючы розныя формы. Мы мусім узмацніць ціск на рэжым з дапамогай санкцыяў і поўнай палітычнай ізаляцыі. Я ведаю, што некаторыя краіны лабіруюць змякчэнне санкцыяў у дачыненні да беларускіх угнаенняў — асноўнай крыніцы прыбыткаў для рэпрэсій і ваеннай машыны. Гэтага не павінна адбыцца.
На міжнароднай арэне адной з апошніх важных падзеяў стаў даклад Маскоўскага механізма па Беларусі. Тут я хацела б падзякаваць паслу Карпентэру за ягонае лідарства ў АБСЕ. Яго сабранасць, энергія і дыпламатычныя навыкі зрабілі гэты вынік магчымым.
Мы нарошчваем нашую працу ў ААН. З вайной і запланаваным размяшчэннем ядзернай зброі важнасць Беларусі ўзрасла. Мы пашыраем адносіны з Поўднем, каб адзначыць шкоду, нанесеную Лукашэнкам міжнароднаму парадку, падкрэсліваем небяспеку расійскага каланіялізму.
Мы настойваем на тым, што Лукашэнка павінен быць прыцягнуты да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, злачынства агрэсіі і саўдзел у ваенных злачынствах. Нядаўна мой намеснік Павел Латушка і Народнае Антыкрызіснае Упраўленне апублікавалі даклад аб выкраданні і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, а не толькі ў Расію. Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН павінны разгледзець пытанне аб узбуджэнні справы супраць Лукашэнкі, як гэта было зроблена ў дачыненні да Пуціна.
Праз дзесяць дзён Генеральная Асамблея ААН будзе абіраць непастаянных чальцоў Рады Бяспекі. Нашая мэта — не проста не дапусціць абрання Лукашэнкі. Гэтае галасаванне павінна стаць глабальным імпічментам Лукашэнку, адмовай ад яго сумных практык. Мы працуем над гэтым. Толькі дэмакратычная Беларусь адновіць сваю міжнародную рэпутацыю і аднойчы будзе абраная ў Раду Бяспекі ААН.
Мы працягваем нарошчваць нашую міжнародную прысутнасць. Мы адкрылі прадстаўніцтвы ў Кіеве, Бруселі, Празе і Таліне. Рада Еўропы стварыла Кантактную групу па адносінах з Беларуссю. Аналагічная Кансультатыўная група ствараецца і ў ЕС. Мы працуем над распрацоўкай Стратэгічнага дыялогу са Злучанымі Штатамі. Гэта зробіць нашую двухбаковую працу больш сістэматычнай, паслядоўнай і арыентаванай на вынік. Я спадзяюся, што гэты прыклад лідарства ЗША паўтораць і іншыя сябры Беларусі.
Наш Аб'яднаны Пераходны Кабінет распрацаваў план перагляду адносінаў з Расіяй у адпаведнасці з новым геапалітычным выбарам. Беларусь дэнансуе дамовы Лукашэнкі з Расіяй і выйдзе з АДКБ. Мы ні завошта не застанемся ў ваенным саюзе з агрэсарам.
Я цалкам падтрымліваю мірны план, прапанаваны прэзідэнтам Зяленскім. Я далучаюся да закліку Парламенцкай асамблеі НАТА прыняць Украіну ў Альянс і спадзяюся, што гэта адбудзецца найбліжэйшым часам.
Рэгіянальная бяспека таксама патрабуе, каб расійскія вайскоўцы назаўжды пакінулі Беларусь, а ўмяшанне Крамля ў нашыя ўнутраныя справы спынілася. Гэта дапаможа заваяваць мір і стабілізаваць рэгіён.
Мы, беларусы, павінны ліквідаваць тыранію і прымусіць расійскія войскі сысці. Я перакананая, што мы даб'емся поспеху, калі аб'яднаем нашыя намаганні з Украінай. Толькі новая дэмакратычная Беларусь забяспечыць цвёрдыя гарантыі бяспекі для Украіны і ажыццявіць шырокае партнёрства з нашымі суседзямі.
Сёння ва Украіне вырашаецца будучыня нашага рэгіёна, еўрапейскай бяспекі і міжнароднага парадку. Расія вядзе гэтую вайну праз сваю нянавісць і страх перад свабодай. Украінцы змагаюцца, таму што любяць – сваю краіну, свой народ і сваё права быць сабой.
Вось чаму сапраўды беларускія сэрцы б'юцца за Украіну. Усе мы павінны працягваць падтрымліваць украінцаў у іхняй справядлівай вайне да перамогі над Расіяй.
Слава Украіне!
Жыве Беларусь!»