КАНФЕРЭНЦЫЯ НОВАЯ БЕЛАРУСЬ. 6 жніўня ў Варшаве Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйная Рада правядуць Канферэнцыю Новая Беларусь 2023. Да ўдзелу ў Канферэнцыі запрашаюцца прадстаўнікі грамадзянскіх ініцыятываў і палітычных структураў, актывісты, прадпрымальнікі і эксперты. Гэтая Канферэнцыя – добрая пляцоўка сабрацца разам, каб адрэфлексаваць мінулыя тры гады, адзначыць нашыя поспехі і няўдачы. Але галоўнае – абмеркаваць, што нам рабіць з усімі выклікамі, якія стаяць перад намі.
Каб прыняць удзел, да 23 ліпеня зарэгіструйцеся праз адкрытую анлайн-форму.
Падрабязней пра праграму Канферэнцыі можна даведацца на сайце.
Калі ў вас ёсць пытанні – пішыце @ConfNewBelarus2023.
ДАКЛАД ЕЎРАПАРЛАМЕНТА. 18 ліпеня Еўрапарламент апублікаваў даклад аб адносінах ЕС і Беларусі, прыняты камітэтам па замежных справах. Дарадца Святланы Ціханоўскай па міжпарламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька знаходзіўся ў Бруселі і паведаміў апошнія навіны з паседжання камітэту: «49 галасоў выказаліся за прыняцце даклада і толькі 3 выступілі супраць».
У тэксце даклада дэпутаты патрабуюць у Міжнароднага крымінальнага суда выдаць ордар на арышт Лукашэнкі; заклікаюць ЕС не прызнаваць ніякіх дамоўленасцяў рэжыму Лукашэнкі і Расіі, якія прынятыя насуперак волі беларускага народа; заклікаюць краіны ЕС падтрымліваць дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць Беларусі.
Дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр пракаментавала даклад камітэта Еўрапарламента: «Трэба разумець: калі даклад з такім заклікам з'явіўся, далей ён становіцца павесткай еўрапарламентароў. І зараз нашая задача – заклікаць іх лабіяваць гэты запыт праз свае ўрады. Тады дзяржавы могуць перадаць сітуацыю вакол Беларусі пракурору МУС».
БЕЛАРУСЬ-ЧЭХІЯ. Чэхія вылучыла ўрадавыя стыпендыі, каб падтрымаць беларускае студэнцтва. У 2023/2024 годзе па такіх стыпендыях пачнуць навучацца 11 чалавек, сярод якіх былыя палітзняволеныя, фізічна пацярпелыя ад рэжыму, а таксама актывісты і актывісткі.
СЛУХАННІ Ў КААРДЫНАЦЫЙНАЙ РАДЗЕ. 22 чэрвеня Святлана Ціханоўская прыняла рашэнне правесці слуханні ў Каардынацыйнай Радзе, каб заслухаць справаздачы і ўзгадніць кандыдатуры прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. 18 ліпеня спікер КР Андрэй Ягораў паведаміў, што слуханні для ўзгаднення кандыдатураў прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета пройдуць 2-3 жніўня.
ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. Святлана Ціханоўская і Франак Вячорка правялі размову з валанцёрамі Офіса. Яны гаварылі пра вынікі саміту НАТА, рэгіянальную бяспеку і праблемы беларусаў. Ціханоўская адзначыла, што «толькі ад нас з вамі залежыць, на якім узроўні і як часта будзе абмяркоўвацца Беларусь». Яна заклікала ўсіх беларусак і беларусаў ва ўсіх дыскусіях, на любым узроўні, нават паміж сабой, уздымаць пытанні Беларусі. Цалкам размову можна прачытаць па спасылцы.
Далучыцца да валанцёрскай праграмы можна тут, а падтрымаць яе – праз BYSOL.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Машы Ефрасінінай, у якім распавяла, што гэтыя тры гады зрабілі з ёй. «Жанчыны нашмат смялейшыя і вынослівейшыя, чым мы можам сабе ўявіць. Калі жыццё ставіць цябе ў вось такую сітуацыю, то ты бярэш і робіш. Калі гэта ўжо твая адказнасць, то ты бярэш гэтую адказнасць і нясеш. Ты не ведаеш калі, ты не ведаеш як, мы прыйдзем да перамогі, але ты разумееш, што ты павінен працаваць кожны дзень, каб дасягнуць гэтага», – адзначыла беларуская лідарка.
Таксама Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Радыё Свабода (1, 2) (Беларусь), La Repubblica (Італія), SBS World news (Аўстралія), Guardian (Міжнароднае), LRT (Літва), ТВ-8 (Малдова), Радыё Рацыя (Беларусь), SBS World news (Аўстралія), DW (1, 2) (Міжнароднае), Голос Америки (Міжнароднае).